Юбілейны кубак Браслава зноў у латышоў

Главное

IMG_2882 (Small)Сёлетні год юбілейны для беларускага кіналагічнага аб’яднання “Альба Рос” — арганізацыі спаўняецца 25 гадоў. Многія мерапрыемствы, якія пройдуць пад эгідай аб’яднання, таксама юбілейныя. У прыватнасці, у 20-ты раз сабрала ў г. Браславе прафесіяналаў гэтай сферы, заводчыкаў і іх чатырохногіх сяброў рэгіянальная выстаўка сабак усіх парод “Кубак Браслава — 2014”.
Мерапрыемства даўно палюбілася як удзельнікам, што з задавальненнем кожны год прыязджаюць з усіх куткоў Беларусі і бліжняга замежжа, так і гледачам. Вось і на гэты раз яшчэ да пачатку мерапрыемства на стадыёне было гучна. Гаспадары завіхаліся каля сваіх гадаванцаў і рабілі апошнія прыгатаванні да выступлення, а браслаўчане і госці горада з цікавасцю назіралі за гэтым. І не выпадкова, бо столькі маленькіх і вялікіх, лахматых і гладкашэрсных чатырохногіх сяброў магчыма ўбачыць, бадай, толькі на выстаўцы ў сталіцы. Асабліва ўсё, што адбывалася на стадыёне, цікавіла дзяцей. Малыя з задавальненнем фатаграфаваліся з сабакамі, гладзілі іх (самыя смелыя нават бралі на рукі) і распытвалі ўладальнікаў пра назвы парод і ўмовы іх утрымання. А для тых гледачоў, хто стаміўся, была цудоўная магчымасць прысесць у цяні за столік і пачаставацца марожаным ці шашлыкамі, продаж якіх наладзіла райпа.
З кожным годам удзельнікаў кубка Браслава становіцца ўсё больш. Сёлета было пададзена больш за 150 заявак, і кожны марыў пра запаветны кубак і тытул пераможцы.
Падчас мерапрыемства давялося пагутарыць і са старшынёй БКА “Альба Рос” Святланай Радзюк:
— Юбілейная выстаўка ў г. Браславе адбылася дзякуючы актыўнай рабоце нашага рэгіянальнага прадстаўніка Валянціны Ермалёнак і падтрымцы з боку адміністрацыі горада. Мы ўдзячны ім за тое, што змаглі правесці такое мерапрыемства і падарыць браслаўчанам сапраўднае свята. Улічваючы значнасць такой падзеі сёлета, запрасілі ў журы экспертаў з сусветнымі імёнамі — Зою Алейнікаву з Украіны і Катрын Лебрэт з Францыі, якія судзяць на лепшых конкурсах свету. А ўвогуле геаграфія ўдзельнікаў з кожным разам пашыраецца, і ў 2014 годзе на выстаўку прыехалі прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы і самая вялікая дэлегацыя з Латвіі.
Не прапусцілі такую падзею і браслаўскія заводчыкі. Была пададзена заяўка на тры сабакі ад сям’і Селехаў. Яны кожны год удзельнічаюць і паказваюць добры вынік. Вось і сёлета іх баварскія горныя гончыя былі адзначаны журы. Увогуле ж эксперты не раз падыходзілі паглядзець на гэтых сабак, бо такая парода рэдкая не толькі ў Беларусі, але і ў свеце.
У рамках рэгіянальнай выстаўкі прайшлі таксама рэспубліканскія чэмпіянаты шнаўцэраў і пінчэраў, йоркаў. Як заўсёды, на выстаўцы былі прадстаўлены не толькі добра знаёмыя пароды сабак — мопсы, пудзелі, хаскі, лабрадоры і тэр’еры, але і вельмі рэдкія — камандор, вялікі швейцарскі зененхунд, леонбергер, этлебухер, фараонава сабака, мальтэзэ, афган і іншыя. Гледачам падзівіцца было на што.
Цікава было паназіраць за тым, як сабакі выступаюць на рынгах. Кожная павінна была прабегчыся з гаспадаром па крузе і паказаць сябе ў руху. Далей журы правярала правільны прыкус, ці на месцы зубы. А апошнім выпрабаваннем станавілася стойка, па якой магчыма было вызначыць склад чатырохногага гадаванца. Хвастатыя ўдзельнікі хваляваліся, але добрыя словы і смачныя ласункі рабілі іх больш спакойнымі.
У выніку “Кубак Браслава — 2014”, як і ўжо некалькі гадоў запар, адправіўся ў Латвію. Лепшым сабакам выстаўкі стаў неаднаразовы пераможца розных конкурсаў пароды мальтэзэ. А ў кожнай намінацыі былі свае лідары.
Увогуле ж пра мерапрыемства давялося пачуць шмат прыемных водгукаў. У тым ліку захапленне тым, што адбывалася на стадыёне, выказалі і госці з Польшчы і Латвіі, якія адпачывалі на Браслаўшчыне і зазірнулі на “Кубак Браслава – 2014”. Добрыя ўражанні засталіся ва ўсіх: удзельнікаў, гледачоў і арганізатараў.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.