У атмасферы актыўнага адпачынку

Общество

IMG_2169 (Small)Канец мінулага тыдня быў адзначаны важнай для аматараў актыўнага адпачынку падзеяй. На турыстычнай стаянцы “Окменіца” прайшоў раённы турыстычны злёт моладзі. Двухдзённае мерапрыемства сёлета было прысвечана сямідзясятай гадавіне вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы.
Атмасферу свята спорту і адпачынку арганічна дапаўняла адносна неблагое надвор’е. Станоўчыя эмоцыі выклікала і колькасць заўленых да ўдзелу каманд: сёлета іх было 11. Памерацца сіламі ў турыстычных выпрабаваннях заявіліся каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік”, падлеткавага туберкулёзнага рэабілітацыйнага цэнтра, Відзаўскага каледжа, філіялаў “Браслаўрыба”, “Браслаўскі хлебазавод” і ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат”, зборная каманда аграгарадка Слабодка “Жгут”, Браслаўрайгаз, РКЦ №5 ААТ “Белаграпрамбанк” у г.Браславе і каманда выпускнікоў цэнтра дзяцей і моладзі.
Права падняць сцяг на адкрыцці турзлёту было прадастаўлена леташнім яго пераможцам – прадстаўнікам каманды “Жгут”. Удзельнікаў мерапрыемства вітала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Антаніна Абалевіч. Яна адзначыла важнасць такога кшталту мерапрыемстваў і той радасны факт, што колькасць іх удзельнікаў з года ў год расце. Каманды ў сваю чаргу павіталі адна адну і выказалі намер ўпарта змагацца за месца на раённым турыстычным Алімпе.
Праграма спаборніцтваў уключала традыцыйныя іспыты. Браслаўчане дэманстравалі свае здольнасці ў яздзе на веласіпедзе, валоданні байдаркамі, турысцка-прыкладным шматбор’і, конкурсе мастацкай самадзейнасці. Асобна журы ацэньвала стан і ўзровень афармлення лагераў, арыгінальнасць і якасць раняшняй зарадкі ад кожнай каманды, крэатыўнасць бодзі-арта і “фота дня”. Кулінарны конкурс сёлета меў на ўвазе прыгатаванне самай турыстычнай стравы – шашлыка.
Два дні напружанай, але ў той жа час вясёлай барацьбы з сапернікамі і дрэнным настроем прайшлі як адно імгненне. Аднак члены судзейскай калегіі карпатліва і своечасова фіксавалі ў турнірных табліцах секунды і штрафныя балы, якія ўрэшце ляглі ў аснову выніковага пратакола. Згодна з ім лепшыя веласіпедысты працуюць у філіяле “Браслаўрыба”, у конкурсе самадзейнасці не было роўных камунальнікам, а самы арыгінальны бодзі-арт, па меркаванні журы, атрымаўся ў крэатыўнай моладзі з ДПТК. У конкурсе зарадкі і быту лепшым аказаўся рэабілітацыйны туберкулёзны цэнтр, гэта ж каманда прыгатавала і самы смачны шашлык. А вось у найбольш складаных выпрабаваннях – турысцкім шматбор’і і водным этапе перамогу святкавала каманда “Жгут”, якая, дарэчы, па суме балаў і стала абсалютнай пераможніцай турзлёту – у другі раз запар. Другое месца заваявалі турысты з “Браслаў-камунальніка”, а замкнулі тройку лідараў відзаўчане. Пераможцы атрымалі кубкі, медалі і граматы. Астатнія ж – бясцэнны вопыт і час на работу над памылкамі.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.