За маладымі – будучыня

Главное

spr2У апошнюю нядзелю чэрвеня наша краіна адзначае Дзень моладзі. Чым жывуць сёння маладыя людзі Браслаўшчыны, якія праблемы іх хвалююць і што радуе – пра гэта і многае іншае карэспандэнт газеты Вячаслаў Каладынскі пагутарыў з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталляй Спірыдонавай.
— Наталля Вітальеўна, хто яна – моладзь Браслаўшчыны? Крыху пазнаёмце, калі ласка, нашых чытачоў са статыстыкай.
— Нагадаю, што маладым чалавекам лічыцца грамадзянін ва ўзросце ад 14 да 31 года. У нашым раёне жывуць 4643 такіх, большасць з іх – мужчынскага полу. 55% нашай моладзі – жыхары сельскай мясцовасці, астатнія жывуць у Браславе і Відзах. У сацыяльна-дэмаграфічным разрэзе наша моладзь адносіцца да розных груп – навучальная, служачая, працуючая ў самых разнастайных сферах. На жаль, штогод колькасць маладых людзей у раёне зніжаецца, што абумоўлена натуральнымі дэмаграфічнымі прычынамі і міграцыйным адтокам.
— Раскажыце, як сябе на Браслаўшчыне адчуваюць маладыя спецыялісты і ўвогуле маладыя людзі.
— Замацаванне маладых спецыялістаў на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна – адзін з асноўных накірункаў маладзёжнай палітыкі дзяржавы. На аснове дзеючых нарматыўных дакументаў і калектыўных дагавораў распрацаваны “сацыяльны пакет” для маладога спецыяліста, які ўключае дадатковыя гарантыі і льготы. Ва ўсіх арганізацыях працуе інстытут настаўніцтва, распрацаваны індывідуальныя планы работы з маладымі спецыялістамі, штогод праводзяцца іх сустрэчы з кіраўніцтвам раёна. Аддзелам арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама сфарміраваны перспектыўны кадравы рэзерв, куды ўключаны найбольш годныя прадстаўнікі моладзі. Такі інструмент дазваляе апошнім хутчэй рухацца па кар’ернай лесвіцы. Вялікая ўвага надаецца маладым сем’ям, якім дзяржава значна дапамагае ўладкавацца ў плане жылля.
— А як справы з замацаваннем маладых спецыялістаў у раёне?
— За апошнія чатыры гады ў арганізацыі Браслаўшчыны прыйшлі 445 маладых спецыялістаў. Сёння ў нас працуюць 60% з іх. Хужэй сітуацыя ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах, там замацоўваемасць у сярэднім 46%. У той жа час СВК “Маяк Браслаўскі” дэманструе выдатныя вынікі работы ў гэтай сферы: 86% з прыбыўшых маладых спецыялістаў працягваюць працаваць у гаспадарцы. Увогуле найбольш высокія паказчыкі замацоўваемасці ў сферы адукацыі (80%), культуры (72%), аховы здароўя (70%). На жаль, абставіны складваюцца так, што ў некаторых арганізацыях гэта лічба імкнецца да нуля. Складанае становішча ў ААТ “Новая Гвардыя”, КУСП “Браслаўскі”, ПМК-42, Браслаўскім РКБА. У апошнім, напрыклад, з сямі маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў перыяд з 2009 па 2012 год, не застаўся ніводны.
— Якімі прычынамі абумоўлена такая сітуацыя?
— Анкетаванне паказвае, што каля 13% маладых кадраў ужо прыходзяць на першае працоўнае месца з намерам змяніць яго пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі. У той жа час 93% апытаных маладых спецыялістаў задаволены ўмовамі працы. А самыя папулярныя прычыны звальнення – нізкая заработная плата і адсутнасць уласнага жылля.
— А ў якіх яшчэ накірунках улады працуюць з моладдзю? Праз што, акрамя “працоўных” пытанняў, у нас рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка?
— Мы разглядаем моладзь як самую дынамічную, ініцыятыўную, прадпрымальную частку грамадства, якая здольна ствараць новае і знаходзіць найбольш паспяховыя рашэнні. Ключавая ўстаноўка – развіццё маладзёжных ініцыятыў і ўдасканальванне сістэмы сацыяльнай абароны маладых людзей. Адзін з найбольш складаных аспектаў – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Вялізная ўвага надаецца папулярызацыі і стымуляванню здаровага ладу жыцця. Мы ўсебакова падтрымліваем годныя ініцыятывы з боку моладзі, імкнёмся ўцягваць яе ў нашы мерапрыемствы самай разнастайнай накіраванасці. Сёлета, вядома, многія з іх праходзяць пад знакам 70-годдзя вызвалення Беларусі і Года гасціннасці. Мы вельмі ўдзячныя нашаму маладому пакаленню за яго неабыякавасць і актыўны ўдзел у прапанаваных праектах. Спадзяюся, што і надалей плённае супрацоўніцтва ўлады і моладзі працягнецца.
— Наталля Вітальеўна, у вас ёсць магчымасць са старонкак газеты павіншаваць моладзь Браслаўшчыны са святам. Што бы вы хацелі ёй пажадаць?
— Перад маладымі адкрыты ўсе дарогі. Сёння вельмі запатрабаваны ваша актыўнасць, мабільнасць, здольнасць прымаць нестандартныя рашэнні. Многія з вас ужо зарэкамендавалі сябе як кампетэнтнымі спецыялістамі і выдатнымі арганізатарамі. Жадаю, каб ваша жыццё было насычаным і разнастайным. І каб у ім заўсёды было месца каханню, сяброўству, вучобе, адпачынку і, вядома ж, пладатворнай працы. Здароўя і ўдачы вам.
— Дзякую за змястоўную размову.