Свет тваіх захапленняў

Люди

IMG_1971 (Small)Адпачынак толькі актыўны
Імя гэтай жанчыны добра знаёма не толькі рыбаловам аматарам, а і чытачам раённай газеты, бо яна з’яўляецца неаднаразовым пераможцам спаборніцтваў па рыбнай лоўлі.
І гэта далёка не адзінае захапленне актыўнай і спартыўнай Святланы Яўгенаўны Юран.

Невялікі прывабны дворык, дзе мяне сустрэла гаспадыня і яе муж Браніслаў Анатольевіч, упрыгожаны незвычайнымі і цікавымі драўлянымі каранямі, якія Святлана Яўгенаўна знаходзіць на берагах азёр. Тут і кветкі, і маленькі вадаём з вудай, утульная альтанка — усё прадумана і цешыць вока.
Заняткі спортам захапілі дзяўчынку з малодшых класаў. І вучаніца даўгаўпілскай сярэдняй школы адначасова займалася ў школе алімпійскага рэзерву. Кожны дзень па пяць гадзін трэніроўкі па лёгкай атлетыцы, а любоў да лыжных прагулак, якая перадалася ад маці Майі Мікалаеўны, майстра спорту па лыжах, захавалася і па сённяшні дзень.
Свой вольны час Святлана з задавальненнем праводзіла ў Браславе, дзе дзядуля дырэктар школы Мікалай Мікітавіч Арэхаў з дзяцінства выхоўваў у сваёй унучкі любоў да воднай прасторы, дзяліўся сакрэтамі рыбнай лоўлі. Іншы раз і праз слёзы.
— Бывала, надакучыць сядзець у лодцы, — з усмешкай успамінае дзедавыя ўрокі С. Юран, — пачынаю спачатку ёрзаць на лаўцы, затым спяваць, калі гэта не дапамагала, румзала.
Але дзед не надта звяртаў увагу на гэтыя пратэсты. “Вось зараз будзе кляваць, пацярпі,” — толькі і чула малая рыбачка ў адказ. А яшчэ дапамагала яму кожны дзень раніцай, у абед і вечарам весці метэаралагічныя назіранні. Усе гэтыя запісы Святлана захоўвае па сённяшні дзень.
Ад бабулі Вольгі Восіпаўны, настаўніцы рускай мовы і літаратуры, ёй дасталіся “лясныя веды”. Разам яны хадзілі па ягады і грыбы, дзе зацікаўленая дзяўчынка вывучала кнігу лесу і запамінала кожную травінку-былінку.
Так паступова дапытлівы падлетак, як губка, увабраў у сябе прыхільнасці самых блізкіх людзей, дзякуючы чаму ў Святланы сфарміраваўся трывалы і загартаваны характар.
Пасля заканчэння Даўгаўпілскага медыцынскага вучылішча працавала ў рэанімацыйным аддзяленні мясцовай бальніцы. На латышскай зямлі пазнаёмілася з хлопцам з Плюскага сельсавета. Праз некалькі гадоў маладая сям’я з маленькай дачкой на руках пераехала ў Браслаў.
— Калі першы раз паехалі па суніцы, — уступае ў размову Браніслаў Анатольевіч, — і ўбачыў, з якім задавальненнем жонка іх збірае і колькі радасці ёй прыносяць зносіны з прыродай, адразу зразумеў, што гэта мая палавінка.
Сумесная прыхільнасць да прыроды і падарожжаў яшчэ больш з’яднала і зблізіла Святлану і Браніслава. Спачатку з дачушкай на веласіпедах, пазней яшчэ і з аднагадовым сынам ужо на матацыкле заядлыя турысты кожны зручны момант выкарыстоўвалі для знаёмства з прыгожымі мясцінамі Браслаўшчыны. Не забывалі яны і пра водныя паходы.

Безумоўна, практыка і веды, атрыманыя ў дзяцінстве, даюць Святлане магчымасць стойка пераносіць усе цяжкасці паходнага жыцця і смела глядзець у твар небяспецы. Трэба сказаць, што за трыццацігадовыя сумесныя падарожжы здаралася нямала розных экстрэмальных выпадкаў. І мае суразмоўцы прыгадалі даволі складаны водны паход на байдарках з гімназістамі ў пазамінулым годзе. А мінулым летам яны ўдваіх за дзевяць дзён праплылі па маршруце Дрысвяты — Казяны — Шаркаўшына — Дзісна, адтуль у Заходнюю Дзвіну і ўверх па цячэнні ў Друю. Самае небяспечнае ў такіх паходах — дождж і вецер, калі ў любы момант хісткая байдарка можа перакуліцца. Нямала хвалюючых момантаў прыносяць карчы, якія тырчаць з вады, і паваленыя дрэвы. У гэтым годзе сям’я Юран зноў будуюе планы і новыя маршруты.
— Яна ў мяне рызыкоўная, — з гонарам гаворыць Браніслаў Анатольевіч і дадае, — гэта залатая жанчына, падораная мне Богам.
Удзельнічае Святлана Яўгенаўна і ў кожным раённым ці абласным турзлёце. Да таго ж не адзін мужчына на зімовых спаборніцтвах па рыбнай лоўлі пачэша патыліцу, убачыўшы яе на возеры.
Калі Браніслаў Анатольевіч атрымаў міжнароднае пасведчанне на права кіравання яхтай, ў сям’і з’явілася яшчэ адно захапленне — яхцінг. Гэтую прамудрасць асвоіла і Святлана, і сын Мікалай, ды так дасканала, што ў мінулым годзе іх невялікая каманда не саступіла па-сучасна абсталяваным яхтам. Хоць і нацерлі мазалі на далонях, але заваявалі трэцяе месца ў паруснай рэгаце «VIVA BRASLAV».
Гасцінныя гаспадары запрасілі і мяне на прагулку па воз. Дрывяты на сваёй невялікай акуратнай яхце. Трэба бачыць, як Святлана хутка і спрытна выконвае каманды свайго капітана. Водная прастора, парус, вецер, хуткасць і пырскі — ці можа што параўнацца з гэтымі цудоўнымі ўражаннямі.
Святлана і Браніслаў Юраны ўпэўнены, што лепшы адпачынак можа быць толькі актыўным, бо нішто так не зараджае пазітыўнай энергіяй, як зносіны з прыродай. І з гэтым немагчыма не пагадзіцца.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.