Арыфметыка поспеху

Люди

IMG_2116 (Small)Эканоміка любой сферы складаецца з лічбаў. А ў райпа апошнія — аснова ўсяго. Падлічыць, прааналізаваць, запрагназаваць, прадбачыць сітуацыю — усё гэта задачы эканамічнай службы такой шматгаліновай арганізацыі. І вось ужо 23 гады ў сістэме райпа працуе вядучым эканамістам Алена Воўк.
Чалавек сціплы па характары, яна не любіць хваліцца сваімі працоўнымі дасягненнямі і поспехамі. А між тым участак, які яна курыруе, — галіна нарыхтоўкі і прамысловасці — не самы лёгкі. Статыстычная справаздачнасць, разлікі, аналізы, разліковасць па працы і зарплаце, штодзённая зводка… Гэта тое, з чым кожны дзень даводзіцца сутыкацца ў працы вядучаму эканамісту. Але тое, за што бярэцца жанчына, заўсёды выканана дасканала, акуратна і ў тэрмін.
Родам А. Воўк з Талачынскага раёна, але лёс прывёў яе на Браслаўшчыну, якая і стала для жанчыны любімай і роднай. З эканомікай жыццё звязала не выпадкова. Схільнасць да лічбаў і дакладных навук была ў Алены Васільеўны яшчэ са школы. Таму ўпэўнена паступіла ў Гомельскі кааператыўны інстытут. А пасля яго заканчэння малады эканаміст трапіла па размеркаванні ў Віцебскі аблспажыўсаюз. Сем гадоў адпрацавала там, магчыма, і засталася б, але закахалася ў хлопца з Браслаўшчыны і пераехала ў наш край. Тады ж і ўладкавалася на працу ў райпа. З самага першага дня Алена Васільеўна ніразу не пашкадавала, што працуе тут, не задумвалася пра іншае месца.
У лічбах, планах, аналізе, статыстыцы, якія на працягу ўсёй прафесійнай кар’еры акружаюць вопытнага спецыяліста, А. Воўк адчувае сябе як рыба ў вадзе.
— Пачынаць было складана, усе дакументы складалі ўручную, даводзілася па некалькі разоў іх перарабляць. Зараз з прыходам камп’ютарызацыі стала крыху прасцей, — дзеліцца Алена Васільеўна. — Увогуле ж лічу, што ўсё прыходзіць з вопытам. За 34 гады стажу я навучылася бачыць, якая справа неадкладная, а якую можна адтэрмінаваць. У нашай прафесіі ў першую чаргу трэба быць цярплівым, уважлівым і валодаць такімі якасцямі, як адказнасць і стрэсаўстойлівасць.
Права на памылку вядучы эканаміст сабе не дае, бо ведае, што за лічбамі — вынік поспеху ўсяго вялізнага калектыву. Калі ж нешта не атрымліваецца, не складваецца, на дапамогу заўсёды прыходзяць калегі па аддзеле. Ды і кіраўніцтва цэніць вопытнага спецыяліста. Жанчына пастаянна павышае свой агульнаадукацыйны і прафесіянальны ўзровень, цікавіцца навінкамі перадавой практыкі, імкнецца ўкараняць усё новае, прагрэсіўнае ў сваёй дзейнасці. А на гэта здольны не кожны спецыяліст.
Нагрузка ў вядучага эканаміста досыць вялікая, часта прыходзіцца працаваць і ў выхадныя, і затрымлівацца на рабоце, але Алена Васільеўна любіць сваю прафесію, не лічыць яе цяжкай ці нуднай. А пра яе адказныя адносіны да работы сведчаць шматлікія ўзнагороды за працоўныя заслугі. Вось такая простая арыфметыка поспеху.
Пасля працоўнага дня спяшаецца А. Воўк дадому, дзе яе чакаюць родныя. А адпачыць ад лічбаў і справаздач больш за ўсё любіць у цішыні на дачы.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.