На стажыроўку — у Відзаўскі каледж

Главное

DSC08160 (Small)Развіццё міжнароднай дзейнасці ў галіне адукацыі з’яўляецца неабходнай умовай для стварэння эфектыўнай сістэмы па прафесійнай падрыхтоўцы спецыялістаў. Праекты Міжнародныя дагаворы садзейнічаюць наладжванню прамога супрацоўніцтва, навучанню студэнтаў у беларускіх установах адукацыі, узаемнаму ўдзелу ў адукацыйных канферэнцыях, семінарах, абмену інфармацыяй пра сістэмы адукацыі. У рамках падпісання пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Казахстанам у сферы прафесійнай адукацыі з 26 мая па 1 чэрвеня і з 9 па 13 чэрвеня на базе Відзаўскага ДПТК праходзілі стажыроўку 8 грамадзян Рэспублікі Казахстан.
Госці прадстаўлялі аграрна-тэхнічныя навучальныя ўстановы розных рэгіёнаў краіны: Аральск, Кызыларду, Жанакарган, Кармакчу, Шыелійск, Сырдар’ю. Намеснікі дырэктараў па навучальна-вытворчай рабоце, старшыя майстры і майстры вытворчага навучання на працягу тыдня знаёміліся з напрамкамі дзейнасці каледжа – адукацыйным, інавацыйным, па энергазберажэнні і энергаэфектыўнасці, узаемадзеянні з базавымі арганізацыямі, са спецыфікай падрыхтоўкі кадраў, з асноўнымі падыходамі па ўдасканаленні вучэбна-матэрыяльнай базы. Прымалі ўдзел у праектаванні вучэбных заняткаў.
Адміністрацыя, інжынерна-педагагічны калектыў каледжа таксама падрыхтавалі насычаную культурную праграму замежным гасцям, у якой пастараліся пазнаёміць з нашай Браслаўшчынай. Госці наведалі самыя цікавыя славутасці, маляўнічыя месцы і ўнікальныя прыродныя аб’екты.
Калегі з Казахстана адзначылі разнастайнасць мадэльнага раду энерганасычаных трактароў “Беларус”, убачылі ў дзеянні новы “АМКАДОР”, набыты каледжам за кошт пазабюджэтнай дзейнасці. Таксама пазнаёміліся з функцыянаваннем дыягнастычнага комплексу для тэсціравання тэхнікі і правядзення вучэбных заняткаў па спецыяльнасці “Рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”, прынялі ўдзел у пасяджэнні “круглага стала”, за якім абмеркавалі з выкладчыкамі каледжа асноўныя падыходы ў развіцці сістэм прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашых краін, падзяліліся вопытам працы пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Госці адзначылі, што ў Відзаўскім каледжы створаны ўмовы для падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, ацанілі работу калектыву па ўдасканаленні вучэбна-матэрыяльнай базы, укараненні інавацыйных і энергазберагальных праектаў, зацікавілі іх і маладзёжныя адукацыйна-культурныя праграмы па абмене навучэнцамі.
Не пакінула абыякавымі гасцей з Казахстана прыгажосць беларускай прыроды, багацце азёр і лясоў, гасціннасць і адкрытасць жыхароў. Казахскія калегі былі аднадушныя ў тым, што Беларусь — краіна, у якую хочацца вярнуцца.

Людміла Капуста,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Відзаўскага ДПТК.DSC08139 (Small)