Еўрапейскі вопыт – Браслаўшчыне

Новости

У самым пачатку чэрвеня ў Германіі праходзіў комплекс вучэбных мерапрыемстваў, якія тычыліся распрацоўкі нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця (СУР) Рэспублікі Беларусь. За аснову была ўзята аналагічная праграма ФРГ, яе інстытуцыйная структура і механізмы рэалізацыі. Члены вялікай дэлегацыі з нашай краіны, у складзе якой быў і намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Андрэй Давыдзенка, вучыліся аспектам распрацоўкі СУР і нюансам увасаблення іх у жыццё.
Падчас 6-дзённага мерапрыемства беларусы на свае вочы пабачылі, што жыць у згодзе з прыродай і не ставіць пад пагрозу існаванне будучых пакаленняў не толькі прыемна і карысна, алі і даволі рэальна. Падчас удзелу ў міжнароднай канферэнцыі Нацыянальнага савета па УР Германіі, якая праходзіла 2 чэрвеня ў Берліне, нашы землякі пазнаёміліся з асноўнымі прынцыпамі НСУР гэтай краіны.
Краевугольнымі камянямі ў гэтай сферы немцы абралі для сябе раўнапраўе пакаленняў, якасць жыцця, сацыяльную згуртаванасць і міжнародную адказнасць. У рамках гэтых накірункаў вырашаюцца найважнейшыя задачы па фінансава-эканамічнай устойлівасці, збалансаванай гаспадарчай дзейнасці, “добрых узаемаадносінах” энергетыкі і клімату, устойлівай воднай палітыцы. У той жа дзень у сталіцы ФРГ прайшоў шэраг тэматычных форумаў, у адным з іх удзельнічала федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель. Пазней былі семінары па новай энергетыцы і дзяржаўнай палітыцы ў інтарэсах устойлівага развіцця.
Астатнія дні вучэбнай паездкі беларусы правялі на тэрыторыі Зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, што на захадзе ФРГ. З азнаямленчымі візітамі яны наведалі гарады Дортмунд, Дюссельдорф і Унна, порт “Фенікс” на аднайменным возеры, акругу Золінген – неаднакратны пераможца Федэральнага конкурсу на самы ўстойлівы муніцыпалітэт Германіі, муніцыпалітэты гарадоў Штайнфурт і Зэрбек. Праграма была складзена такім чынам, каб у розных мясцінах удзельнікі паездкі пабылі на самых разнастайных аб’ектах — ад невялічкай сельскай біягазавай устаноўкі да элітнага жылога раёна на месцы былога металургічнага камбіната. Нашы землякі пабачылі, як з вялікім поспехам выкарыстоўваюцца, здавалася б, нікому не патрэбныя аб’екты. Сярод апоніх можна назваць культурны цэнтр у былым будынку чыгуначнага вакзала горада Золінгена. Асобным радком варта ўзгадаць ветрапарк “Холліх”, пабудаваны па ініцыятыве і за сродкі звычайных грамадзян з прыцягненнем банкаўскіх крэдытаў. 19 ветраўстановак не толькі забяспечваюць уласныя патрэбы ў электраэнергіі, але і дазваляюць прадаваць яе лішкі, чым прыносяць заснавальнікам праекту прыбытак. Як прыклад развіцця сельскай мясцовасці, арганізатары паказалі ўдзельнікам паездкі біягазавую ўстаноўку, якая выкарыстоўвае ў якасці сыравіны кукурузны сенаж і гной і забяспечвае пры гэтым цяплом і электраэнергіяй аб’екты сацыяльнай інфраструктуры.
Такімі вандроўкамі арганізатары імкнуліся паказаць, што спажываць менш, вырашаць экалагічныя праблемы і ўвогуле павярнуцца тварам да прыроды і жыць побач з ёй неабходна і ў той жа час дасягальна. Больш за тое, часта гэта яшчэ і эканамічна выгадна. Праўда, трэба прыкласці пэўныя намаганні, у тым ліку фінансавыя, і шырока выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі.
“Я ўпэўнены, — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад паездкі А. Давыдзенка, — што і на Браслаўшчыне ёсць магчымасці для рэалізацыі аналагічных праектаў. Тым больш, што наш раён удзельнічае ў многіх міжнародных праграмах, аб’яднаных тэмай экалогіі і ўстойлівага развіцця. Важна разумець, што асноўны эфект дае кропкавае, але паўсюднае ўкараненне новых тэхналогій, а не буйныя і адзінкавыя аб’екты. Германія дэманструе менавіта такі падыход, мы ж да гэтага яшчэ павінны прыйсці”.
Такім чынам, перадавы еўрапейскі вопыт у плане ўстойлівага развіцця паступова прыходзіць і ў Беларусь. Прычым у нас ёсць магчымасць пазбегнуць праблемных момантаў і іншы раз перасцерагчыся. Будзем спадзявацца, што лепшыя і найбольш эфектыўныя прыклады рэалізацыі СУР знойдуць адлюстраванне і ў нашым раёне.

Вячаслаў Каладынскі.