У прыгажосці і чысціні жыць радасна і камфортна.

Главное

IMG_1804 (Small)Безумоўна, выязное паседжанне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў з’яўляецца на сённяшні дзень дзейнай формай работы, бо дазваляе дэталёва на месцах разгледзець і вырашыць шэраг злабадзённых пытанняў. Чарговае яго пасяджэнне, якое адбылося на гэтым тыдні, прайшло на тэрыторыі Мяжанскага сельсавета.
У ім, акрамя яго членаў і прадстаўнікоў раённых службаў, удзельнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, старшыні Глыбоцкага і Міёрскага раённых Саветаў дэпутатаў.
Паколькі тэрыторыя Мяжанскага сельсавета даволі вялікая, то і праграма выязнога пасяджэння была вельмі насычанай у плане агляду аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. Пачалася яна з наведвання пагранічнага паста “Урбаны”, дзе яго начальнік Юрый Новікаў правёў змястоўную і цікавую экскурсію, падчас якой прысутныя ўпэўніліся, што тут сапраўды створаны ўсе належныя ўмовы для службы, адпачынку і пражывання вартаўнікоў мяжы.
Найлепшым прыкладам добраўпарадкавання з’яўляюцца і Урбанская сярэдняя школа — сад, Дом культуры, Мяжанскі дзіцячы сад — базавая школа, Зарацкая і Мяжанская сельскія бібліятэкі. Па ўсім бачна, што парадак тут падтрымліваецца пастаянна, а супрацоўнікі ўстаноў — творчыя, крэатыўныя і нястомныя працаўнікі. Усюды разбіты прыгожыя кветнікі, падкошана трава, акуратныя агароджы. Большасць тэрыторый ўпрыгожваюць невялікія цікавыя архітэктурныя формы. Утульна, камфортна і ўнутры памяшканняў. Парадаваў выгляд і асартымент тавараў магазіна “Гасцінец” Браслаўскага райпа ў в. Урбаны.
Узорны парадак члены выязнога пасяджэння ўбачылі на ўласным падвор’і Надзеі Чашэвіч, дзе ўсё патанае ў кветках, прадумана кожная дэталь, акуратныя агароды, прыгожая зона адпачынку, нават трывалыя арэлі не пакінулі нікога раўнадушнымі.
Экскурсію па аграсядзібе “Прыволле”, што ў Мар’янполлі, правёў гаспадар Юрый Чэпуль. Еўрапейскія ўмовы пражывання, цікавыя разнастайныя забавы, лазня, сажалка — ўсё тут створана для камфортнага адпачынку, што і пацвердзіла маладая сям’я з Мінска, якая на той час пражывала на аграсядзібе.
Потым рабочая група наведала адноўленае воінскае пахаванне ў Зараччы, дзе Сяргей Шматаў і Ніна Пучынская ўсклалі вянок загінуўшым салдатам.
Трэба адзначыць, што ўсе аб’екты, якія наведалі члены выязнога паседжання, пакінулі вельмі прыемныя і станоўчыя ўражанні. Несумненна, у прыгажосці і чысціні жыць радасна і камфортна.
А на пленарным пасяджэнні размова ішла, як Мяжанскі сельсавет і сельвыканкам выконваюць закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”. На яго запрасілі таксама дэпутатаў мясцовага Савета і старэйшын.
Старшыня сельвыканкама Жанна Акула паведаміла, што на тэрыторыі сельсавета жывуць каля 1600 жыхароў у 69 населеных пунктах. Большая яго частка мяжуе з замежнымі краінамі, а многія населеныя пункты з’яўляюцца візітнай карткай не толькі раёна, але і рэспублікі. Менавіта таму ў сельсавеце надаюць вялікую ўвагу добраўпарадкаванню. Так, у бягучым годзе на гэтыя мэты з запланаваных 67,1 млн. руб. асвоена 31,7 млн. Безумоўна, навесці належны парадак, падтрымліваць чысціню і заставіць рабіць гэта нядбайных гаспадароў, даволі складаная задача. Але, як адзначыла старшыня сельсавета, надзейнымі памочнікамі ў гэтай няпростай справе з’яўляюцца дэпутаты і старэйшыны вёсак. Менавіта яны дапамагаюць спілоўваць аварыйныя дрэвы, зносіць лядашчыя пабудовы, актыўна ўдзельнічаюць у арганізацыі масавых мерапрыемстваў, садзейнічаюць умацаванню правапарадку і пажарнай бяспекі, змагаюцца з п’янствам. Уносяць значны ўклад у агульную справу шэфы і ААТ “Мяжаны”.
Асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце сельскі Савет надае зваротам грамадзян. Так, за мінулы і бягучы год, па словах Жанны Акулы, у вышэйшыя органы ўлады не паступіла ні аднаго звароту ад жыхароў. Несумненна, гэта значны паказчык дзейнасці мясцовай адміністрацыі.
Аднак разам са станоўчымі момантамі існуюць і праблемы, якія акрэсліла старшыня райсавета Ніна Пучынская, падводзячы вынікі пасяджэння прэзідыума. Адно з іх — збор сродкаў самаабкладання. На сённяшні дзень ён недастаткова высокі. Хвалюючым пытаннем застаецца бесперабойнае водазабеспячэнне ў Карасіна, на што і было ўказана старшыні сельвыканкама. Па-ранейшаму лічыцца праблемай наяўнасць пустуючых і лядашчых дамоў, якія пагаршаюць знешні выгляд вёсак. Таму Ніна Пучынская адзначыла, што мясцовай уладзе, спасылаючыся на закон, трэба знаходзіць больш канструктыўныя падыходы да абыякавых і нядбайных гаспадароў.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.