Выхавальнікі ў пагонах

Главное

Дзень 19 чэрвеня лічыцца днём заснавання інспекцыі па справах непаўналетніх. Гэта служба ў Браслаўскім раёне з’явілася ў 30-я гады і ў наступным годзе адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Раней яна проста называлася дзіцячым пакоем міліцыі, але з цягам часу змянілася не толькі назва, а і формы, метады працы. Каб зразумець, чым сёння жыве інспекцыя па справах непаўналетніх, напярэдадні дня ўтварэння службы я пагутырыла з яе начальнікам Валянцінам Янковічам (на здымку).
— Інспекцыя па справах непаўналетніх з усіх службаў з’яўляецца самай шматграннай, — расказвае Валянцін Мар’янавіч. — Бо мы займаемся прафілактыкай злачыннасці сярод непаўналетніх, кантралюем іх занятасць, працуем з ненадзейнымі сем’ямі, тымі, хто знаходзіцца на ўліку ў ІСН за розныя злачынствы. Увогуле ж супрацоўнік ІСН не толькі міліцыянер, ён і псіхолаг, і педагог, а часам, калі падлетку больш няма да каго звярнуцца, яшчэ і таварыш.
Сапраўды, галоўная задача супрацоўнікаў інспекцыі заключаецца не столькі ў тым, каб выявіць злачынцу пакараць яго, а ў тым, каб падаць дзіцяці руку дапамогі, і ў будучыні з яго вырас сапраўдны грамадзянін.
І тут найважнейшую ролю адыгрывае карпатлівая прафілактыка. Яна даволі дзейсная. Пра гэта сведчаць і лічбы. Так, за апошнія пяць гадоў у раёне назіраецца зніжэнне супрацьпраўных дзеянняў сярод падлеткаў. Калі ў 2011 годзе было ўчынена 9 злачынстваў, то ў 2012-ым — 5, а ў мінулым годзе — 3.
А каб прафілактыка была яшчэ больш дзейснай, інспекцыя па справах непаўналетніх працуе ў адной звязцы з іншымі зацікаўленымі службамі — камісіяй па справах непаўналетніх, аддзелам адукацыі, спорту і турызму, БРСМ. Дарэчы, ужо некалькі гадоў па ініцыятыве ІСН у летні перыяд для падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку, ладзіцца лагер, спартыўныя мерапрыемствы.
Шмат інспектарам службы даводзіцца працаваць і з ненадзейнымі сем’ямі. Інспектары — частыя госці сем’яў, у якіх ёсць дзеці, што растуць ва ўмовах антысанітарыі, злоўжывання алкаголем, не ў поўнай меры забяспечаныя прадуктамі харчавання, бескантрольныя. Малыя ў такіх сем’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Усіх іх інспектары ведаюць на памяць.
Калі звярнуцца да лічбаў, то ўсяго за мінулы год да адказнасці былі прыцягнуты 72 непаўналетнія. Сярод самых распаўсюджаных парушэнняў, учыненых імі — распіццё спіртных напіткаў (да адказнасці ў 2013 годзе прыцягнуты 24 непаўналетнія), курэнне, знаходжанне на вуліцы пасля 23.00. Акрамя таго, што падлеткі самі сабе шкодзяць, ёсць і тыя, хто ім у гэтым дапамагае. Гаворка ідзе пра асобы, якія ўцягваюць дзяцей у распіццё спіртных напіткаў і іншыя дрэнныя ўчынкі. Да прыкладу, ужо з пачатку гэтага года інспектарам ІСН удалося выявіць 4 факты продажу прадаўцамі алкагольнай прадукцыі падлеткам, 14 дарослых адказвалі перад законам за ўцягванне дзяцей у п’янства (21 у 2013 годзе).
Праз працоўныя будні інспэктараў ІСН праходзяць дзясяткі падлеткаў, якіх яны стараюцца зберагчы ад непапраўных памылак. Умеюць выслухаць і зрабіць усё магчымае, а часам і немагчымае, каб дзіця справілася. Не выпадкова, што на службе ў ІСН — толькі тыя людзі, для якіх гэтая складаная прафесія стала прызваннем. Усе супрацоўнікі інспекцыі вопытныя і добрасумленныя. Так, Сяргей Шаўчук тут працуе 5 гадоў, Андрэй Курыловіч — 10, а сам Валянцін Янковіч знаходзіць агульную мову з дзецьмі ўжо 18 гадоў. Кожны з іх упэўнены, лепшая ўзнагарода за старанне ў працы — выратаваныя дзіцячыя лёсы, увасобленыя мары дзяцей на будучыню, у якім замест горкіх слез будуць радасныя ўсмешкі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.