Вучоба актыву

Главное

IMG_2797 (Small)У мінулы чацвер на базе цэнтральнай бібліятэкі прайшла вучоба ідэалагічнага актыву Браслаўскага раёна. Адказныя за гэты накірунак дзейнасці на прадпрыемствах і ў арганізацыях Браслаўшчыны абмяркоўвалі стан растлумачальнай, выхаваўчай і героіка-патрыятычнай работы на месцах, прысвечанай 70-годдзю вызвалення нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Значная частка разгледжаных пытанняў тычылася таксама мерапрыемстваў у рамках Года гасціннасці.
Перад прысутнымі выступіла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Мацук. Яна ў чарговы раз падкрэсліла важнасць вядомай ліпеньскай даты для кожнага з нас і неабходнасць больш актыўнай прапагандысцкай работы з шырокімі коламі грамадскасці. Вядома, ключавую ролю ў гэтай справе павінны сыграць ідэолагі.
Пра аспекты ўдзелу моладзі ў святкаванні вызвалення і мерапрыемствах, прымеркаваных да Года гасціннасці, расказала галоўны спецыяліст аддзела Галіна Караткова.
Дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з работай бібліятэчнай сістэмы па папулярызацыі акрэсленых тэм. Яна зазначыла, што бібліятэкі як крыніцы актуальнай і часта нават неабходнай інфармацыі заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва.
Завяршыўся ж семінар на прыемнай ноце. Па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізцыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах з адзінаццаці намінацый браслаўчане перамаглі ў дзвюх. У сферы транспарту і сувязі пераможцам стаў Браслаўскі РВЭС, а цэнтр банкаўскіх паслуг №205 у г.Браславе філіяла №214 ААТ «Ашчадны банк “Беларусбанк”» у г.Наваполацку аказаўся лепшым сярод арганізацый банкаўскай сферы. Адказныя за ідэалагічную работу на гэтых прадпрыемствах у сваю чаргу падзяліліся вопытам сваёй работы з усімі прысутнымі на мерапрыемстве. Дарэчы, усе, хто прыняў удзел у конкурсе, а гэта без малога 20 суб’ектаў Браслаўшчыны, былі адзначаны невялічкімі падарункамі.

Вячаслаў Каладынскі.
На здымку: дыплом пераможцы абласнога агляду-конкурсу артымлівае адказны за ідэалагічную работу ў ЦБП №205 ААТ “ААБ Беларусбанк”
Наталля Хір’янава.