Чаму не працуюць святлафоры

Главное

4Пасля прыкладна месяца работы святлафоры на скрыжаваннях браслаўскіх вуліц “пагаслі”. Вадзіцелі ды і многія простыя грамадзяне ўжо прывыклі да іх і зараз узмоцнена цікавяцца, што ж здарылася.
З гэтым пытаннем “Браслаўская звязда” звярнулася да начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Юрыя Міраша. Ён паведаміў, што ў саківіку бягучага года, калі ў нашым горадзе толькі запускалі новаўвядзенне, святлафоры з прычыны аб’ектыўных абставін былі ўстаноўлены і падключаны з некаторым адхіленнем ад праекта. У прыватнасці, замест падземных ліній сілкавання былі пракладзены паветраныя, каб захаваць цэлым асфальтнае пакрыццё вуліц. Некалькі тыдняў работы ў тэставым рэжыме паказалі, што такі варыянт мае права на жыццё, аднак у эксплуатацыю яго прыняць нельга, бо ён супярэчыць праекту. Цяпер жа, па словах Юрыя Анатольевіча, ідзе працэс карэктыроўкі дакументацыі і ўхілення недахопаў. Справа ўжо знаходзіцца на стадыі завяршэння, што дае падставы спадзявацца на хуткае аднаўленне работы святлафорнага рэгулявання руху на нашых вуліцах.

Вячаслаў Каладынскі.