Рэзервы эканоміі вялікія

Главное

_MG_0842 (Small)У рамках экафестывалю, што прайшоў у Браславе напрыканцы мая, быў арганізаваны шэраг цікавых семінараў, аб’яднаных тэмай экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя. Усе жадаючыя запрашаліся ў раённы Дом культуры, дзе арганізатары мерапрыемства не толькі дарылі наведвальнікам тэматычныя буклецікі, але і бясплатна частавалі кавай і чаем. Адразу варта адзначыць, што наведалі семінары адносна нямногія – удалося налічыць ўсяго каля 50 чалавек, аднак ёсць падставы меркаваць, што гэтыя людзі сапраўды цікавяцца тэмай і паспрабуюць рэалізаваць пачутае ў жыцці.
Што тычыцца саміх семінараў-лекцый, то іх было 5, і ахоплівалі яны даволі шырокае кола пытанняў. Спецыялісты сталічнага Цэнтра экалагічных рашэнняў расказалі браслаўчанам пра здаровы падыход да набыцця прадуктаў харчавання, перавагі веласіпеда над аўтамабілем, асаблівасці ўтылізацыі электраадыходаў, праблему забруджвання вады і шляхах яе вырашэння. Аднак галоўнай тэмай мерапрыемства без перабольшвання можна назваць энергаэфектыўнасць, якая з’яўлялася краевугольным каменем усяго фестывалю.
Энергаэфектыўнасць мае на ўвазе практыку выкарыстання меншай колькасці энергіі для забеспячэння дастатковага ўзроўню вытворчасці і жыцця насельніцтва. І па словах супрацоўніка энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў Дзмітрыя Буронкіна, поле для дзейнасці тут вялізнае, роўна як і схаваныя рэзервы. Прычым у поўнай меры тычыцца гэта і Браслаўшчыны.
Спецыяліст адзначыў, што спажываць менш – гэта не значыць адмаўляцца ад прывычных рэчаў і тым самым вяртацца ў каменны век. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць падтрымліваць зручны для нас лад жыцця пры значна меншым расходзе энергіі. Просты прыклад – асвятленне кватэры. Светадыёдныя лямпачкі спажываюць у 7 разоў менш электраэнергіі ў параўнанні са звычайнымі, служаць пры гэтым у 35 (!) разоў даўжэй і ў адрозненне ад сваіх люмінісцэнтных аналагаў не ўтрымліваюць ртуць, што значна спрашчае працэс іх утылізацыі. Я пацікавіўся коштам такіх лямп – дастатковую па магутнасці можна знайсці за 100-150 тысяч рублёў. Так, адносна дорага, аднак пры ўліку тэрміну службы (у сярэднім 10 гадоў) такое ўкладанне сродкаў акуплівае сябе шматкратна. Цікава было паслухаць пра папулярныя ў нас пластыкавыя вокны. Сапраўды, мала які іх прадавец кажа вам пра формулу шклопакета, якая ўлічвае колькасць і памеры шкла і газавых камер. У пагоні за меншым коштам мы часта выбіраем тое, што часта па цеплазберагальных паказчыках не надта пераўзыходзіць звычайныя вокны, а пры няправільнай устаноўцы нават саступае ім. У такім выпадку адзінае, што мы купляем за немалыя грошы, – зручны механізм адчынення канструкцыі.
У маштабах раёна спецыялісты Цэнтра прапануюць эканоміць праз павышэнне КПД вытворчасці энергіі (у тым ліку цяпла), зніжэнне страт, якія зараз дасягаюць 12%, паўсюдную ўстаноўку прыбораў уліку, мадэрнізацыю, выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі і станоўчага міжнароднага вопыту, асветніцкую работу з насельніцтвам. Браслаўскі раён, які ў плане турызму з’яўляецца візітнай карткай краіны, не мае энергаёмістай вытворчасці і вялікай колькасці насельніцтва, можа стаць выдатнай пляцоўкай для ўкаранення энергазберагальных тэхналогій. Па словах экспертаў, вялікі патэнцыял тут схаваны ў выкарыстанні як мясцовага паліва – саломы, біягазу з гною, так і сонечнай энергіі. Зараз рыхтуецца план па энергазберажэнні для нашага раёна, разлічаны да 2020 года. І яго асноўнымі накірункамі плануецца абраць устаноўку цеплаабменнікаў у шматкватэрных дамах для забеспячэння іх жыльцоў гарачай вадой, паўсюдная замена неэфектыўных катлоў, выкарыстанне энергапатэнцыялу саломы і сонечнай энергіі. Першыя задумы ўжо рэалізаваны: у краязнаўчым музеі ўстаноўлены кацёл доўгачасовага гарэння з КПД каля 90%. Кажуць, цепліць яго трэба раз у два дні.
Эксперты падлічылі, што паўсюднае прымяненне высокаэфектыўных энергазберагальных тэхналогій можа знізіць спажыванне электраэнергіі на палову ад бягучага ўзроўню. Вядома, працэс гэты цяжкі, працяглы і вельмі дарагі. Аднак, згадзіцеся, яно таго варта. І Браслаўшчыне выпаў гонар стаць адным з першых раёнаў Беларусі, дзе энергаэфектыўнасць будзе ўкараняцца сур’ёзна і планамерна.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.