Поспехаў табе, Яўген

Главное

IMG_8223-SmallНядаўна ў г. Глыбокае праходзіў адборачны тур абласнога агляду-конкурсу сярод творчых работнікаў устаноў культуры клубнага тыпу “Клубных спраў майстар”. За права звацца лепшым і прадставіць сваю ўстанову культуры ў вобласці, а магчыма, потым і ў рэспубліцы, змагаліся прадстаўнікі 7 раёнаў. Гонар Браслаўшчыны на конкурсе абараняў творчы і крэатыўны рэжысёр народнага тэатра РДК Яўген Набееў.
Работнік культуры — чалавек універсальны. Ён павінен умець праяўляць сябе ў розных накірунках творчай дзейнасці, і самае галоўнае, любіць сваю прафесію. Менавіта пра гэта ўдзельнікі конкурсу расказвалі ў візітцы “Мая прафесія — мой дом”. У відэасюжэце Яўген расказаў пра сябе і свае адносіны да любімай працы, дасягненні, працоўныя будні і іншае. Крэатыўны малады чалавек і да стварэння візіткі падышоў творча. І кожны ў зале, а таксама журы зразумелі, што ён любіць сваю справу і аддае ёй усе творчыя сілы.
Але гэта быў толькі пачатак конкурсу. У наступным іспыце трэба было яскрава прадставіць свой раён і яго адметныя рысы. Адны канкурсанты паказвалі абрады, другія спявалі, трэція падрыхтавалі танцы. І ў гэтым конкурсе Яўген Набееў зноў змог здзівіць журы і жартоўна, і незвычайна прадставіць Браслаўшчыну. Разам з народным калектывам мініяцюр “Покер” яны паказалі вядомы нумар “Рыбалка”, які выдатна прадэманстраваў, чым знакаміты наш раён.
Таксама Яўген праявіў сябе ў конкурсе, дзе трэба было паказаць сваё майстэрства вядучага, як канкурсант умее працаваць з залай. Развесяліць прысутных удалося ў вобразе зоркі Веркі Сярдзючкі і яе нумара “Еўрабачанне”. Справіўся ён і з іспытам, падчас якога трэба было зімправізаваць і адказаць на каверзныя пытанні.
А ў конкурсе індывідуальных выступленняў, дзе кожны хваліўся тым, што ўмее рабіць лепш за ўсё, хлопец настолькі пранікнёна расказаў маналог пра Аўганістан, што на вачах гледачоў з’явіліся слёзы. Адным словам, у кожным іспыце ён быў сярод лепшых.
Перш за ўсё, згаджаючыся на ўдзел у конкурсе, прызнаўся Яўген, ён ставіў перад сабой мэту паглядзець на ўзровень калег з іншых раёнаў, чамусьці павучыцца ў іх, і сябе таксама паказаць. Тым больш што пераняць вопыт сапраўды было ў каго. На конкурс прыехалі работнікі культуры, стаж працы якіх каля 20-30 гадоў.
Але і наш Яўген змог дастойна прадставіць Браслаўшчыну. У выніку ён заняў другое месца, крыху адстаўшы ад пераможцы з Пастаў. А гэта значыць, што ён праходзіць на абласны этап конкурсу і там пазмагаецца з калегамі з вобласці за званне “Клубных спраў майстра”.
— Абласны этап пройдзе восенню ў г. Віцебску на Дзень работнікаў культуры, — расказвае Яўген Набееў. — Таму ў мяне і маёй каманды, якая дапамагала мне ў падрыхтоўцы да гэтага этапа конкурсу, актыўна падтрымлівала, і якой я вельмі ўдзячны, яшчэ ёсць час лепш падрыхтавацца.
З вобласці на рэспубліканскі этап будуць выбраны 3 лепшыя ўдзельнікі. Будзем спадзявацца, што і наш удзельнік таксама трапіць у іх лік. Поспехаў табе, Яўген.

Таццяна Пятушка.