Разлівалася песня над прасторамі

Главное

IMG_2374 (Small)Мінуў год, і зноў на Браслаўшчыну прыйшло свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, якога, безумоўна, чакаюць усе. Жыхароў і гасцей горада падхапіла хваля творчасці і вяселля, а ўсё навокал напоўнілася цудоўнай музыкай, непаўторнымі танцамі, звонкімі галасамі. Суботні ж дзень “Браслаўскіх зарніц” прайшоў пад дэвізам “Браслаўшчына ганарыцца сваёй гісторыяй” і быў насычаны падзеямі. Адна з іх — абласны агляд-конкурс вакальна-харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея”, які ладзіцца ўжо трэці год.
З кожным годам маштабнасць асамблеі, як і колькасць удзельнікаў, расце. Яна дорыць гледачам настрой, шмат новых уражанняў, пачуццяў і сюрпрызаў. Так было і сёлета. А папярэднічала гэтаму ўрачыстая цырымонія адкрыцця 47-ых “Браслаўскіх зарніц”, якая адбылася на пляцоўцы каля касцёла.
Права падняць сцяг раёна ў гэтым годзе былі ўдастоены “Чалавек года Віцебшчыны-2014” Ніна Пучынская і “Чалавек года Віцебшчыны-2010”, “Чалавек года Браслашчыны-2011” Рамуальд Шукель.
Пад гучныя апладысменты праз арку гасціннасці з “карабля” на свята музыкі і творчасці, на гасцінную браслаўскую зямлю спускаліся калектывы, удзельнікі харавой асамблеі. А сустракалі іх знакамітыя персанажы — заснавальнікі горада Брас і Дрыва. Павітаць удзельнікаў асамблеі прыйшлі і прадстаўнікі дэлегацый з розных краін.
— Чарговае свята, якое зноў прыйшло на Браслаўшчыну, уражвае сваёй маштабнасцю і велічнасцю, — гаворыцца ў віншаванні міністра культуры РБ Барыса Святлова, якое агучыў галоўны спецыяліст Іван Галабурда. — Сёлета на творчую браслаўскую зямлю сабралася звыш 600 удзельнікаў. Кожны пакажа свой каларыт, творчы імпэт і культуру. А ўдзельнікі харавой асамблеі, кожны з якіх мае свой тэмперамент, створаць сапраўднае свята.
Прывітанне і пажаданні ўдзельнікам і гасцям свята даслаў таксама старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, а агучыў іх яго намеснік Уладзімір Цярэнц’еў. А зберагаць і прымнажаць традыцыі гэтага слаўнага мерапрыемства у сваім віншаванні заклікаў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў.
Першыя гукі музыкі апавясцілі пра тое, што харавая асамблея пачынаецца. А ў выкананні зводнага хора Віцебскай вобласці прагучалі песні-гімны роднаму краю і яго прыгажосці “Беларусь — імя святое” і “Ёсць браслаўскі край запаветны”.
Зноў разлівалася песня па браслаўскіх прасторах, а потым, як птушка, узлятала ўверх пад аблокі. Сёлета харавая асамблея прыняла 15 творчых калектываў з Віцебска, Наваполацка, Полацка, Лёзненскага, Шаркаўшчынскага, Сенненскага, Верхнядзвінскага, Аршанскага, Докшыцкага раёнаў. А ўдала разбавіў беларускую песню і яе каларыт народны хор рускай песні КДЦ “Пушкінскія горы” Пскоўскай вобласці. Годна прадставіць наш раён, абараніць яго гонар і паказаць свае таленты выдатна змог вакальны гурт народнага хору ветэранаў вайны і працы Браслаўскага РДК. Кожны калектыў непаўторна, творча і каларытна выканаў па два музычныя творы, розныя па жанры, тэматыцы і настрою. Гледачы з захапленнем слухалі народныя песні і бурнымі апладысментамі падтрымлівалі ўдзельнікаў. Не менш апладысментаў сабралі і юныя танцоры Лепельскай і Браслаўскай дзіцячых школ мастацтва. Яны правялі танцавальны турнір паміж сабой, пазмагаліся ў выкананні такіх танцаў, як полька, кракавяк і іншыя.
Падчас харавой асамблеі магчыма было не толькі паслухаць цудоўную музыку, але і трапіць у “краіну” творчасці, рамёстваў і талентаў, якую наладзіў цэнтр дзяцей і моладзі. Госці з задавальненнем разглядалі рэчы, зробленыя рукамі выхаванцаў і педагогаў гэтай установы. Тут і вырабы з дрэва і металу, саломкі, гліны, вышытыя бісерам і намаляваныя карціны, дрэвы са стужак, мадэлі суднаў. Пры гэтым жадаючыя маглі паназіраць за майстар-класамі, якія давалі навучэнцы, і самі паспрабаваць што-небудзь зрабіць сваімі рукамі. І гэта ніколькі не замінала назіранню за тым, што адбываецца на сцэне.
Увогуле ж знайсці сабе занятак маглі і дарослыя, і дзеці. Пакуль старэйшыя слухалі выступленні, дзеці з задавальненнем скакалі на батутах ці каталіся на машынках. А вось гасцям Браслаўшчыны асабліва прыйшлася даспадобы выстаўка “Сучасны турызм на Браслаўшчыне”, якую сумесна наладзілі НП “Браслаўскія азёры”, прыродаахоўная ўстанова “Рычы” і РФСК “Дрывяціч”. Тут магчыма было даведацца пра наш край, яго расліннасць і жывёльны свет, якія аграсядзібы гатовы прыняць гасцей, а ў падарунак атрымаць буклет з усёй неабходнай інфармацыяй пра адпачынак на Браслаўшчыне.
Апошнія акорды абвясцілі пра тое, што свята падышло да канца. Калектывы атрымалі дыпломы, сувеніры і павезлі з сабой дадому непаўторныя ўспаміны і ўражанні ад фестывалю, а ў сэрцы кожнага засталася часцінка ветлівай і гасціннай Браслаўшчыну, на якую яны абяцалі ў хуткім часе вярнуцца з новымі песнямі і новымі сюрпрызамі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.IMG_2348 (Small) IMG_2361 (Small) IMG_2370 (Small)