Меч Брачыслава 2014 (відэа)

Новости

IMG_9534 (Custom)Свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава” ў нашым горадзе даўно ўжо ператварылася ў адну з найбольш істотных культурных падзеяў года. Я памятаю той час, калі яшчэ ўдзельнікам мне даводзілася бываць на святах рамёстваў, што праводзіліся ля музея традыцыйнай культуры. Ужо тады ўсе адчувалі, што мерапрыемства патрабуе маштабнасці.
Таму не дзіва, што з кожным разам насычанасць праграмы і колькасць удзельнікаў і наведвальнікаў павялічваліся. У пазамінулым годзе “Меч Брачыслава” праводзіўся асобным святам, але летась кіраўніцтва раёна палічыла мэтазгодным упісаць яго ў межы нашага найбуйнейшага міжнароднага фестывалю “Браслаўскія Зарніцы”. І, мабыць, не памылілася, што даказвае колькасць прададзеных сёлета музейнымі супрацоўнікамі квіткоў. А іх аматары гісторыі ўзялі больш за тысячу.
Як і штогод на свяце кожны мог пазнаёміцца з побытам ваяроў і выставай ручных вырабаў майстроў ранняга сярэднявечча. Да слова, тут было што паглядзець – сувеніры з гліны, бісеру, саломкі, ткацкія вырабы і магніты з выявай Брачыслава цешылі вока.
Імправізаваным адкрыццём фестывалю стала шэсце ўсіх удзельнікаў па валах Замкавай Гары, і здабыча жывога агню. Прыемна, што сёлета ў ёй прымаў удзел і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, які ўрачыста перадаў агонь клубам, што завіталі ў нашы край.
Асобна варта сказаць пра выступленне шальмоўскага тэатра “Дыгрыза”. Браслаўчане і госці горада былі ў захапленні, бо прафесійны ўзровень акцёраў быў навідавоку. Акрабатычнае шоў на хадулях і вясёлая сцэнка з удзелам кіраўніка трупы Аляксеям Бурнасенка нікога не пакінула абыякавым.
Далей рэй вялі ваярскія дружыны вікінгаў, якія зладзілі для гледачоў сапраўдныя суровыя камандныя бітвы. Дарэчы, як заўважыў кіраўнік клуба “Варгенторн” Сяргей Бабенка, не трэба блытаць паняткі “рыцар” і “дружыннік”, бо яны нясуць крыху рознае значэнне.
Дзяўчаты таксама не засталіся ўбаку, прадэманстраваўшы свае сярэднявечныя строі, і арганізаваўшы жаночую эстафету, дзе трэба было прайсці праз некалькі выпрабаванняў, з якімі ўсе ўдзельніцы справіліся годна.
Паралельна з такімі відовішчнымі і актыўнымі мерапрыемствамі, былі ўсталяваны некалькі пляцовак для тых, хто хацеў проста адпачыць з дзецьмі. Для малых музейшчыкі сёлета парыхтавалі батлеечнае прадстаўленне, розныя гульні, і атракцыёны. Асобна былі пастаўлены пляцоўка для аматараў пастраляць з луку, а тых, хто жадаў падмацавацца, частавалі на сярэднявечнай кухні.
Але самымі ўражвальнымі падзеямі гэтага вечара сталі выступленне гурта “Pawa”, пра які мы пісалі раней, і фаер-шоў, зладжанае артыстамі тэатра “Дыгрыза”. Па словах гледачоў, такога прыемнага, атмасфернага і шматлюднага вечара яны прыгадаць больш не змаглі. Завяршыў свята грандыёзны салют, а каму і гэтага было мала, мог завітаць на начную дыскатэку, якую правялі на гарадскім стадыёне.
Музейнае аб’яднанне вельмі ўдзячна спонсарам фестывалю – райвыканкаму, ПУП “Альбус”, ІП “Магноліка” і ААТ “Сядзібы і замкі” (ЦГН “Пакадан”).

Галляш Сялява.
Фота аўтара.