Апошні званок

Новости

IMG_2298Апошні званок, які абвясціў пра заканчэнне навучальнага года, прагучаў у школах раёна 31 мая. У Опсаўскай СШ на свята сабраліся не толькі вучні гэтай навучальнай установы і настаўнікі, а і госці. На ўрачыстую лінейку завіталі старшыня Опсаўскага сельсавета Ала Даніліна, начальнік аддзялення СВК “Маяк Браслаўскі” Валерый Кезік, намеснік начальніка РКЦ №5 філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Галіна Сідарава.
Дарэчы, для папулярызацыі масавага футбола ў краіне асацыяцыя Беларуская Федэрацыя футбола пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Белаграпрамбанка арганізуе ўжо трэці год запар спецыяльную акцыю “Падары дзіцяці футбольны мяч”. Менавіта такія падарункі атрымліваюць першакласнікі напярэдадні летніх канікулаў у сельскіх школах і аграгарадках.
У рамках сёлетняй акцыі па Віцебскай вобласці футбольныя мячы атрымалі ў 300 школах больш за 2100 вучняў, а ў Опсаўскай СШ іх уручыла Галіна Сідарава 17 першакласнікам. Яна павіншавала ўсіх з заканчэннем навучальнага года і падкрэсліла, што Белаграпрамбанк стаў невыпадкова партнёрам акцыі. На працягу многіх гадоў пытанні падтрымкі і аказання дапамогі дзецям для банка з’яўляюцца значным накірункам работы, бо дзеці – наша будучыня. Акрамя аказання спонсарскай дапамогі маладзёжным праектам, конкурсам і ўстановам адукацыі, ствараюцца спецыяльныя банкаўскія прадукты для падрастаючага пакалення. У Белаграпрамбанку рэалізуецца рэкламная акцыя “Дзіцячая ашчадная праграма “Расці вялікі”. Яе ўдзельнікамі сталі больш за 25 тысяч дзяцей. Усе яны, акрамя працэнтаў па ўкладзе, атрымліваюць падарункі на кожны свой дзень нараджэння, карыстаюцца спецыяльным крэдытам на навучанне, могуць аформіць бясплатную банкаўскую плацежную картку, выйграць прызы, у тым ліку і паездку ў парыжскі Дыснейленд. Для павышэння фінансавай граматнасці сярод дзяцей і моладзі створана спецыяльная банкаўская плацежная картка, каб можна было на практыцы навучыцца карыстацца грошамі і планаваць свае расходы.
Як падкрэсліла Галіна Сідарава, дадзены праект павінен дапамагчы многім дзецям далучыцца да актыўных заняткаў футболам. І хто ведае, магчыма, праз некалькі гадоў, дзякуючы атрыманаму на школьнай лінейцы мячу, у нашым футболе з’явяцца новыя ігракі, і быць падобнымі на іх захоча яшчэ адно пакаленне беларускіх школьнікаў.
На ўрачыстай лінейцы ў Опсаўскай школе гучала шмат шчырых і цёплых слоў у адрас сёлетніх 18 выпускнікоў ад дырэктара ўстановы Антаніны Аксёнавай, яе намесніка Жанны Блажук, ад бацькоў і ад гасцей. Выпускнікі былі ў цэнтры ўвагі, бо сапраўды яны пакідаюць цудоўную краіну дзяцінства і ўступаюць у самастойнае жыццё. Ім жадалі поспехаў пры здачы экзаменаў, тэсціравання, выбары прафесіі.
Самі ж выпускнікі афіцыйна развіталіся з дзяцінствам, далі клятву быць вернымі сваёй роднай школе і тым ідэям, якія яны тут атрымалі.
Словам, урачыстая лінейка з нагоды завяршэння навучальнага года прайшла ў Опсаўскай школе ў шчырай атмасферы. І калі прагучаў апошні званок і школьнікі пайшлі зноў у свае класы, падумалася, для 18 выпускнікоў ён быў сапраўды апошнім, а для ўсіх астатніх – прадвеснікам канікулаў, калі можна адпачываць і бавіць час, як ты хочаш.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.