Рабіць дабро – здорава!

Главное

Shkola_vipusknoyУ СШ №2 горада Браслава вялікая ўвага надаецца выхаванню ў навучэнцаў такіх якасцей характару, як добразычлівасць, павага, міласэрнасць, клопат пра іншых, увага. На базе ўстановы адукацыі праводзяцца разнапланавыя мерапрыемствы ў гэтым напрамку. Адно з іх – акцыя “Вясенні Тыдзень Дабрыні”, падчас якой адбылася паездка навучэнцаў і настаўнікаў школы ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для інвалідаў і састарэлых людзей у Барунах.

Дарэчы, гэта ўжо не першая ўстанова, якую наведалі прадстаўнікі СШ №2 з дабрачыннай мэтай. Былі ў Опсаўскім сацыяльным дзіцячым прытулку, Друйскім дзіцячым доме, Браслаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.

На добрую справу ўдзельнікаў акцыі благаславіў пратаіерэй Анатоль, благачынны Браслаўскага благачыння, настаяцель Свята-Успенскага храма. Дабрачынны фонд міласэрнасці, створаны ў школе, выдзеліў некаторыя рэчы для састарэлых людзей аддзялення. У школьнай сталовай прыгатавалі салодкія пачастункі. Раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму выдзеліў аўтобус.

Цёпла, добразычліва і ветліва сустракалі гасцей у Барунах. Вучні 5 класа пад кіраўніцтвам настаўніцы факультатыўных заняткаў “Культура праваслаўных зносін” Ірыны Канопліч выступілі з літаратурна-музычнай кампазіцыяй. У выкананні вакальнага гурта дзяўчат пад кіраўніцтвам настаўніцы музыкі Вольгі Дзярук была падрыхтавана невялікая канцэртная праграма.

Прысутныя на мерапрыемстве шчыра апладзіравалі і добразычліва ўсміхаліся, дзякуючы ўсім за падоранае ім свята. Натхнёныя душэўнай сустрэчай, школьнікі вярталіся з чыстымі, добрымі намерамі і гатоўнасцю рабіць дабро.

Таццяна Прашкевіч.