Ахоўвалі небяспеку

Актуальное

2014-04-22 001Больш за чвэрць стагоддзя прайшло з таго часу, калі выбух на Чарнобыльскай АЭС парушыў спакой многіх людзей, а «мірны» атам стаў прычынай жудасных наступстваў, якія і сёння адчувае на сабе і насельніцтва краіны, і ліквідатары той аварыі, і сама матухна-зямля.
Немалую дозу апраменьвання атрымалі і супрацоўнікі міліцыі, якія з першых дзён аварыі на ЧАЭС ахоўвалі пакінутыя вёскі. У склад такога зводнага атрада трапілі і нашы землякі Уладзімір Ахрамёнак і Валерый Гасюль.
У канцы верасня 1986 года хлопцаў спачатку накіравалі ў Віцебск, дзе ім выдалі палявую форму салдат Савецкай Арміі, а ўжо затым зводны атрад супрацоўнікаў міліцыі Віцебскай вобласці ў складзе 30 чалавек з некалькімі перасадкамі прыбыў на месца дыслакацыі ў пас. Савічы Брагінскага раёна, які знаходзіўся не больш за трыццаць кіламетраў ад асноўнага рэактара. Размясціліся міліцыянеры ў будынку дзіцячага сада. І менавіта з таго моманту іх малады здаровы арганізм на працягу месяца штодзённа пачаў атрымліваць порцыю апраменьвання, якая праяўляла сябе толькі спецыфічным металічным прысмакам у роце. Але ніхто з іх нават дакладна і не ведаў, наколькі жудаснымі могуць стаць наступствы такой камандзіроўкі.
Праз суткі экіпаж у два чалавекі на «УАЗах», з намаляванай на дасе вялікай літарай «М», ахоўваў грамадскі пакой, дзяржаўную і ўласную маёмасць у мясцовасці, абнесенай калючым дротам, якая называлася «мёртвай зонай».
— Мы абыходзілі вёскі з мэтай не дапускаць марадзёрства, — успамінае Уладзімір Леонцьевіч, — бо ўсе жыхары з’ехалі вельмі спешна і пакінулі ў дамах свае рэчы.
Як ні балюча ўсведамляць, але заўсёды знаходзіцца пэўная група чалавечых асобін, якая нажываецца на горы і пакутах іншых. Менавіта такіх аматараў небяспечнай «халявы» і вылоўлівалі супрацоўнікі міліцыі.
Пасля кожнага дзяжурства абавязкова прымалі душ. Трэба сказаць, што бытавыя ўмовы былі наладжаны добра. Ды і кармілі ўзмоцнена. У сухпайку абавязкова была марская капуста. І як з усмешкай адзначыў В. Гасюль, пасля Чарнобыля на яе глядзець не можа.
— Прыгнятала і мёртвая цішыня, якая панавала ў пустых вёсках, — дапаўняюць адзін аднаго таварышы. — Здзіўляла вялікая колькасць сакавітых мядовых яблыкаў, ад якіх гнуліся галінкі дрэў і гронкі вінаграду каля хат.
Вось так, жылі сабе звычайныя людзі, будавалі планы, рыхтаваліся саджаць агароды і збіраць ураджай. І раптам у адно імгненне жыццё перавярнулася з ног на галаву. Гаспадары пакінулі родныя хаты, а бязлюдныя паселішчы пачалі нагадваць дэкарацыі да фільмаў жаху.
З дакладнай перыядычнасцю адбываўся выкід шкодных рэчываў з рэактара, пра гэта сведчылі верталёты, якія над ім завісалі і штосьці скідвалі.
Уражвалі міліцыянераў і аўтамабільныя «могілкі». Усю сельскагаспадарчую і адпрацаваную каля рэактара тэхніку скідвалі ў катлаваны і закопвалі зямлёй.
Прыгнечанае відовішча выклікала і свойская жывёла, што бадзялася па пустынных паселішчах і нават паспела адзічэць.
Так цэлы месяц браслаўскія міліцыянеры жылі ў мясцовасці, насычанай радыенуклідамі, ад якіх памірае ўсё жывое, і не ўяўлялі, што радыеактыўны пыл не толькі асядае на паверхні, ён «прабівае» нават жалеза.
І самым крыўдным з’яўляецца тое, што пра тых, хто сумленна выконваў свой абавязак, глытаючы шкоднае паветра, успамінаюць толькі ў гадавіну аварыі. А ліквідатараў, якія паклалі сваё здароўе на тое, каб выканаць задачу, пастаўленую дзяржавай, пазбавілі амаль усіх чарнобыльскіх ільгот.

Алена Пятушка.
Фота з архіва В. Гасюля.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *