Тыдзень лесу прайшоў з карысцю

Главное

Соня (Small)Штогод вучні Чэрнеўскай школы прымаюць удзел у тыдні лесу. І сёлета таксама падчас яго правядзення прайшло шмат запамінальных і карысных мерапрыемстваў. Так, члены аб’яднання «Школьнае лясніцтва» вялі гутарку пра значэнне лесу ў жыцці кожнага чалавека, пазнаёміліся з цікавымі фактамі падчас прэзентацыі «Лес — лёгкія планеты».
Некалькі гадоў запар вучні школы супрацоўнічаюць з Барунскім лясніцтвам. Гэта дае нам магчымасць унесці свой уклад у захаванне і памнажэнне лясных багаццяў. У гэтым годзе разам з леснікамі мы пасадзілі саджанцы сасны на плошчы 3,7 га.
Па просьбе Друйскага лясніцтва ў школьнай майстэрні хлопцы нашай школы пад кіраўніцтвам настаўніка працы змайстравалі 25 дуплянак для грызуна соні, занесенага ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Дуплянкі рабілі па спецыяльным чарцяжы, які прапанаваў навуковы аддзел нацпарка.
Гэта цікавая невялікая звярушка, якая вядзе начны лад жыцця. Амаль сем месяцаў соня праводзіць у спячцы. Папуляцыя гэтага звярка невялікая, таму члены нашага аб’яднання з задавальненнем дапамогуць ёй павялічыцца.

Ігар Ерашонак,
вучань Чэрнеўскай
базавай школы.