Праз культуру да паразумення

Новости

Фінансуемая Еўрасаюзам культурная праграма «Усходняе партнёрства» з бюджэтам у 12 млн. еўра, абвешчаная ў маі 2008 г. міністрам замежных спраў Польшчы пры ўдзеле Швейцарыі, заклікана дапамагчы шасці краінам былога Савецкага Саюза (Беларусі, Арменіі, Азербайджану, Грузіі, Малдове, Украіне) ў правядзенні рэформы культурнай палітыкі на ўзроўні ўрада, а таксама ў нарошчванні патэнцыялу і павышэнні прафесіяналізму дзеячаў культуры ў рэгіёне.
У рамках гэтай праграмы ў г.Дзіліжан (Арменія) у пачатку красавіка адбыўся семінар па абмене вопытам у сферы культурнай палітыкі. Больш як 40 прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, творцаў, менеджэраў і прафесіяналаў у сферы культуры краін Усходняга партнёрства разам з экспертамі-фісілітатарамі ўдзельнічалі ў варкшопах, на якіх разглядаліся пытанні распрацоўкі і ацэнкі культурнай палітыкі і стратэгій з мэтай стымулявання рэформаў у сферы культуры, а таксама па развіцці лідарскіх якасцей удзельнікаў.
Вельмі прыемна, што ў складзе беларускай дэлегацыі з дзевяці чалавек, якія займаюцца ў нашай краіне пытаннямі культурнай дзейнасці, была і дырэктар раённага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак. Яна прадставіла свой праект «Горад-музей як культурны цэнтр Браслаўскага раёна».
Як адзначыла Н. Дударонак, тэму праекта падказала само жыццё, бо сёння прыцягнуць наведвальніка ў музей даволі складана. А тым не менш веданне гісторыі свайго краю, яго традыцый з’яўляецца асноўнай базай культурнага чалавека. І вельмі важна, каб гэтае знаёмства пачыналася яшчэ са школьнай лаўкі. Таму ў сумесным праекце з калегамі з Малдовы Надзея Аляксандраўна прапануе ўключыць у вучэбную праграму ўрокі, якія б маглі праходзіць на базе музея.
Пазнаёміўшыся з метадамі і формамі работы іншых краін-партнёраў ў галіне культуры, беларуская дэлегацыя, па словах Н. Дударонак, прыйшла да здавальняючай высновы, што ў нашай краіне пытанням культуры надаецца вялікае значэнне і ў гэтай сферы зладжана працуюць усе падведамасныя Міністэрству культуры ступені.
Удзельнікі варкшопаў разважалі яшчэ над пытаннямі папулярызацыі народных традыцый сярод насельніцтва, абменьваліся сваімі думкамі, напрацоўкамі ў гэтым накірунку. Не засталося па-за ўвагай і пытанне, што такое культура наогул і чым яна каштоўная.
Культура — гэта той пласт чалавечых зносін, які ахоплівае ўсе бакі нашага жыцця, таму ёй надаецца такое вялікае значэнне. І безумоўна, сустрэчы ў рамках культурнай праграмы «Усходняе партнёрства» дапамогуць выявіць магчымыя сумесныя стратэгіі ў маштабах рэгіёну, заснаваныя на агульных патрабаваннях, а таксама стымуляваць супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і прыватнымі сектарамі.

Алена Пятушка.