Працоўная перамога Таццяны

Деньги

IMG_1305 (Small)На працу ў ААТ «Друйскі” Таццяна Жахоўская прыехала два гады таму назад з Пастаўскага раёна. Пасля заканчэння Лужаснянскага тэхнікума ўжо мела 15-гадовы стаж работы ў зоатэхнічнай службе. Але сямейныя абставіны склаліся так, што жанчыне хацелася памяняць месцажыхарства. І тут яе былы аднакурснік па тэхнікуме, дырэктар “Друйскага” Аляксандр Бялюн, прапанаваў пераехаць з сям’ёй у Друю, пайсці працаваць па спецыяльнасці. Таццяне з двума сынамі прапанавалі дом і ўзначаліць малочнатаварную ферму “Друя” і ферму па дарошчванні маладняку. Згадзілася, хоць раней на гэтых фермах працавалі два розныя чалавекі. Як кажуць, Т. Жахоўская ўзваліла на свае плечы двайны цяжар, але яна была ўпэўнена, што з нагрузкай справіцца. Тым больш радавала, што ёй аказалі такі давер. І не памыліліся.
З самай раніцы Таццяна разам з даглядчыкамі ўжо на ферме дарошчвання, затым бягом на МТФ, і так цэлы дзень па крузе. Паспявае хіба толькі заскочыць дамоў перакусіць. Вечарам у хату вяртаецца не раней як у палавіне дзявятай гадзіны . Сыны ўжо дарослыя, мама ім давярае. Хлопцы самастойна спраўляюцца з клопатамі па доме, могуць самі прыгатаваць паесці, прыбраць за сабой. Таццяна ж усю сябе аддае рабоце.
Як казаў былы дырэктар гаспадаркі Станіслаў Радзевіч, да сваіх службовых абавязкаў Т. Жахоўская ставіцца вельмі адказна. Такога ж патрабуе і ад падначаленых. Яна за непрацяглы час змагла згуртаваць калектыў, нацэліць яго на плённую працу. З тымі, хто мог іншы раз заглянуць у чарку, змагалася сваімі метадамі, іншы раз дастаткова неардынарнымі, але ў канчатковым выніку яны аказаліся рэзультатыўнымі. Таму пры сустрэчы загадчыца больш гаварыла пра сваіх дзяўчат, чым пра сябе. Вельмі прасіла сказаць цёплыя словы за добрасумленную працу даяркам Наталлі Смулька, якая летась ад кожнай каровы ў сярэднім надаіла 4440 кг (гэта самы лепшы паказчык па гаспадарцы), тром сёстрам Ірыне Аніська, Галіне Дубіловіч і Людміле Саруль, а таксама Лілі Саруль, Ірыне Дубіловіч, Вользе Піртань. Шчыра працуюць на дарошчванні Галіна Шаляпёнак і Таццяна Дзмітрыева. Адказная праца загадчыцы ў звязцы з такімі работніцамі прыносяць плён. У прыватнасці, у сярэднім ад кожнай каровы на ферме надаілі летась па 3626 кг малака, што на 8% больш, чым за адпаведны перыяд 2012 года. Сярэднясутачныя прывагі склалі 501 грам.
Па выніках работы за мінулы год у раённым спаборніцтве Таццяна Жахоўская была прызнана лепшай у намінацыі “Лепшы работнік зоатэхнічнай і ветэрынарнай службы”. Такая высокая ацэнка яе старанняў — спаўна заслужаная.
Жанчына ніколькі не шкадуе, што пераехала на Браслаўшчыну. Яна з любоўю гаварыла, як добразычліва прынялі яе ў калектыве “Друйскага”, на фермах, як дапамагалі на першым часе пазнаёміцца з людзьмі, слушнымі парадамі кіраўнік Аляксандр Бялюн і галоўны заатэхнік Сяргей Плоскі. Усе разам яны радаваліся поспеху Таццяны і жадалі ёй новых працоўных перамог.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.