Насычаны дзень «ДіМ партала»

Главное

IMG_9807 (Small)Штодзень памяшканні ЦДМ напаўняюцца дзіцячым гоманам і вясёлым смехам. Але ў мінулую пятніцу было асабліва шматлюдна і цікава. У другі раз для школьнікаў горада і раёна гасцінна адчыніў свае дзверы «ДіМ партал» пад агульнай назвай «Маладое пакаленне».
Будучыня краіны залежыць ад сённяшніх школьнікаў, таму вельмі важна, каб нашы дзеці раслі і выхоўваліся актыўнымі, ініцыятыўнымі, граматнымі, мелі сваю грамадзянскую пазіцыю. Менавіта такія задачы імкнуцца рашаць арганізатары «ДіМ партала».
Напярэдадні Вялікадня на выставе «Божы свет вачамі дзяцей» нельга было адвесці вочы ад прыгожых непаўторных вырабаў. Калі глядзіш на гэтыя эксклюзіўныя экспазіцыі, не перастаеш здзіўляцца і захапляцца дзіцячай фантазіі і майстэрству. Які толькі матэрыялы не выкарыстоўваюць юныя ўмельцы! Нават цяжка ўявіць, што са звычайнай паперы, воўны і нітак можна зрабіць такі цуд. Тут жа каля святых сімвалаў Вялікадня ў гэты дзень для малодшых школьнікаў праводзілася гутарка «Кола народных святаў», дзе вучні разам з вядучай Алай Лук’янец узгадвалі асноўныя традыцыі і абрады, адгадвалі загадкі і рэбусы.
Праходзіў і традыцыйны раённы злёт каманд ЮІД.
У сваім прывітальным слове начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка адзначыў важнасць і неабходнасць такога кшталту мерапрыемства для бяспекі дарожнага руху, нагадаў юным інспектарам, што яны з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі супрацоўнікаў ДАІ, пажадаў усім удзельнікам поспеху і ўдачы. Таксама ён узнагародзіў дыпломамі аўтараў лепшых работ творчага конкурсу.
Галоўным, безумоўна, быў тэарэтычны экзамен, які школьнікі здавалі амаль у такіх жа ўмовах, што і навучэнцы аўташкол: на кам’ютарах адказвалі на пытанні спецыяльных білетаў.
І ў час конкурсу па аказанні першай медыцынскай дапамогі ўдзельнікам таксама давялося адказваць зусім на не дзіцячыя пытанні.
Сапраўднае майстэрства ваджэння двухколага сябра прадэманстравалі як хлопчыкі, так і дзяўчынкі ў конкурсе «Фігурнае ваджэнне веласіпеда», які ацэньваў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС Уладзімір Лапко. Удзельнікам давялося пераадольваць даволі складаную трасу з шэрагам перашкод.
Было і дамашняе заданне — цікавыя, змястоўныя і арыгінальныя насценгазеты прадставілі ўсе каманды, таму лепшых было вызначыць вельмі цяжка.
Калі за плячамі засталіся ўсе этапы, наступіў самы хвалюючы момант — вызначэнне пераможцаў. Першае месца ў агульным заліку заняла каманда ЮІДаўцаў СШ № 1, ім і давядзецца абараняць гонар Браслаўшчыны на рэгіянальным этапе ў г. Глыбокім. Другое месца падзялілі дзве каманды — юныя інспектары з Відзаў і гімназіі. Трэцяе дасталося вучням з Ахрэмаўцаў.
Усе пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі, тартамі і салодкімі напіткамі, якія ўручылі начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка і начальнік АДАІ РАУС Віктар Сухаверскі, што, безумоўна, падкрэсліла значнасць гэтага спаборніцтва.
А каманда-лідар, акрамя салодкіх падарункаў, ад дырэктара ПУП «Кад-маркет» Сяргея Міхалапа атрымала веласіпед.
Аднак гэта далёка не ўсе мерапрыемствы, якія прайшлі ў дзень «ДіМ партала». Разам з вядучай Ліліяй Сайкоўскай і начальнікам ІСН РАУС Вялянцінам Янковічам вучні сярэдняга звяна гарадскіх школ у рамках абласной акцыі «Заставайся свабодным!» будавалі дом прававога дабрабыту. У гульнявой форме вучні паўтаралі і замацоўвалі неабходныя кожнаму ў жыцці веды пра правы, абавязкі і законы.
Закончыўся гэты вясёлы і насычаны дзень кам’ютарным турнірам па сеткавых гульнях.
Так больш за 230 школьнікаў, дзякуючы творчым і неардынарным педагогам ЦДМ, правялі цікавы і запамінальны дзень.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.