Вяснянка-Браслаўчанка

Новости

IMG_9750 (Small)Конкурс з такой назвай прайшоў 12 красавіка ў ЦДМ. Хоць надвор’е стаяла зусім не вясенняе, гэта не пашкодзіла гледачам адчуць па-сапраўднаму вясенні настрой і акунуцца ў свет прыгажосці, яскравых фарбаў і таленту.
Стаць удзельнікамі шоу адважыліся пяць юных канкурсантак з розных устаноў адукацыі раёна ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў.
Першым традыцыйным конкурсам стала візітка «Знаёмцеся — гэта я!», дзе ўдзельнікі ў вобразе герояў легенд Браслаўшчыны расказвалі пра свае здольнасці і таленты. Журы і гледачы акунуліся ў казачны свет народных паданняў, перад імі паўсталі прыгожыя і непаўторныя ўладаркі нашых азёр, лілея, падснежнік, зачараваная дзяўчына. Усе толькі паспявалі здзіўляцца, наколькі багатыя ўнутраны свет і фантазія ўдзельніц.
Затым прысутныя апынуліся на паказе моды. Спачатку юныя манекеншчыцы дэманстравалі адзенне для спорту і актыўнага адпачынку, затым — убранне для кактэйлю. Стройныя, вытанчаныя, яны ўпэўнена трымаліся на імправізаваным подыуме і выклікалі шчырыя апладысменты і воклікі гледачоў.
Але не толькі па адзенні сустракалі ўдзельніц. У трэцім конкурсе дзяўчаты змагаліся за званне лепшага знаўцы роднага краю, падчас якога адказвалі на пытанні з гісторыі і сучаснасці нашага раёна.
На дызайнерскае афармленне рамкі для фотаздымку адводзіла ўсяго толькі 10 хвілін. За гэты кароткі час звычайныя рамкі ператварыліся ў сапраўднае тварэнне мастацтва — упрыгожаныя ракушкамі, рыбкамі, стужкамі, кветкамі, нават звычайным пяском, яны атрымаліся арыгінальнымі і прыгожымі.
І заключная конкурсная намінацыя — творчы нумар. Жанр выступлення быў прадстаўлены на выбар канкурсантак, кожная магла сама выбіраць, чым будзе здзіўляць гледачоў і журы. І трэба адзначыць, ім гэта ўдалося. Балет, верш, песня, гумарыстычная мініяцюра і фігуры з надзьмутых шарыкаў заварожвалі і прыводзілі ў захапленне ўсіх прысутных.
Членам журы прыйшлося паламаць галаву, каб вызначыць пераможцу ў кожнай намінацыі. Пад апладысменты залы дыпломам у намінацыі «Майстар цудоўных ручак» ўзнагароджана Лідзія Кукян, вучаніца СШ № 1, яна атрымала і прыз сімпатый гледачоў. У намінацыі «Крыніца талентаў» перамагла Эліна Пажарская з гімназіі, «Лідэрам перамен» стала Алена Угарэнка, вучаніца СШ № 2, у намінацыі «Акцёрскае ўвасабленне вобраза» журы пакарыла Ганна Піртань, вучаніца Урбанскага ДССШ. А званне «Вяснянкі-Браслаўчанкі» дасталося Ладзе Сінькевіч з гімназіі.
Ад адміністрацыі ЦДМ усе дзяўчаты ў падарунак атрымалі мяккія цацкі.
Хочацца таксама адзначыць станоўчую работу арганізатара і вядучых конкурсу метадыста ЦДМ Ліліі Сайкоўскай і вучаніцы СШ № 2 Кацярыны Іоч, якія не давалі сумаваць гледачам і паміж нумарамі праводзілі вясёлыя гульні, віктарыны і размінкі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.