Сем “я” Ядзялаў

Главное

IMG_1273 (Small)Ёсць у вёсцы Ёдлавічы дом, які істотна выдзяляецца сярод астатніх. На сценах – прыгожыя пейзажы, якімі гаспадары ўпрыгожылі сваё жыллё летась, тэрыторыя дагледжана. З вясны і да позняй восені вакол буяюць кветкі. І жыве ў гэтым доме цудоўная шматдзетная сям’я. Нядаўна Людміла і Мікалай Ядзялы ўдзельнічалі ў раённым конкурсе на лепшую шматдзетную сям’ю і сталі прызёрамі. Днямі я завітала да іх, каб больш падрабязна расказаць пра гэтых цікавых людзей.
Да сустрэчы з Мікалаем у Людмілы ўжо быў не вельмі прыемны вопыт сямейнага жыцця, праўда, жанчына знайшла ў сабе сілы развітацца з першым мужам, для якога чарка была даражэй за жонку і дваіх дзяцей. За такія, можна сказаць, пакуты лёс падарыў ён пазней сапраўднае шчасце ў шлюбе з Міхаілам. Таццяна і Аляксандр адразу пачалі зваць мужчыну татам, бо да гэтага не адчувалі ад генетычнага бацькі сапраўдны клопат пра сябе і цеплыню.
Таццяна пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя вярнулася ў родныя мясціны і цяпер працуе поварам у гімназіі. Аляксандр вучыцца ў Наваполацкім дзяржаўным тэхнічным ліцэі будаўнікоў на электрамантажніка. Ён у навучальнай установе адзін з лепшых.
А з часам у сям’і Людмілы і Мікалая нарадзіліся яшчэ трое дзетак. Мілана – вучаніца першага класа Кансталінскай БШ, Мацвей наведвае дзіцячы сад, а самы малодшы Коленька дома з мамай. Яму ўсяго 11 месяцаў. Дзеці – радасць і задавальненне для бацькоў. Яны ні ў чым не маюць патрэбу, добра апрануты, маюць шмат цацак, ноутбук. У доме камфорт і ўтульнасць, сучасныя інтэр’ер, мэбля. Дарэчы, абсталяваннем пакояў, падборам інтэр’еру займаецца сама Людміла. Яна чалавек не толькі працалюбівы, клапатлівы, але і з творчай душой. Нельга не захапіцца вышытымі ёю карцінамі. Навучылася вышываць крыжыкам, калі жылі з Мікалаем у яго маці. Затым навучыла гэтаму рамяству і дачку Таццяну. Праўда, прызнаецца, што цяпер у яе зусім мала часу на сваё любімае захапленне, але марыць калі-небудзь вышыць свой партрэт. І бачачы мэтанакіраванасць Людмілы, яе ўпартасць у дасягненні пастаўленай мэты, думаю, у яе гэта атрымаецца.
Нядаўна жанчына атрымала вадзіцельскае пасведчанне, каб не чакаць, калі муж падвязе па неадкладных справах.
— Не хацелася лішні раз адрываць яго ад работы. Ён і так у нас заняты, адзіны кармілец у сям’і, — гаворыць з пяшчотай у голасе Людміла.
І гэта чыстая праўда. Мікалай працуе механізатарам у СВК “Маяк Браслаўскі”. Неаднойчы за шчырую працу станавіўся прызёрам раённых спаборніцтваў на падрыхтоўцы глебы, нарыхтоўцы кармоў, адзначаўся кіраўніцтвам гаспадаркі грашовымі прэміямі. І да таго ж ва ўсім дапамагае жонцы – і па гаспадарцы, і па доме. У іх няма падзелу на мужчынскую і жаночую работу. Усё робяць дружна разам.
У Людмілы ж шмат гадоў запар адна “прафесія”, якой яна аддаецца спаўна, — мама. Без дыпломаў і ўзнагарод, але самая ганаровая і патрэбная сям’і і грамадству.
А сёлета Л. Ядзяла выйграла прыз глядацкіх сімпатый у конкурсе “Супер мама”, які праводзіўся ў Кансталінскай школе. На сцэне ёй дапамагала ўся сям’я – ад Колі дарослага да Колі маленькага.
— Без іх падтрымкі я б не змагла, — прызнаецца і з гордасцю паказвае відэаролік з мерапрыемства і фотаздымкі.
Вось такая яна — шматдзетная дружная і шчаслівая сям’я Ядзялаў. А сакрэт іх сямейнага шчасця ў тым, лічаць, што ўмеюць уступаць, паважаць думку і меркаванне адзін аднаго, ну і, вядома ж, цёплыя адносіны і клопаты пра дзяцей.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.