Пародненыя гарады — шлях да доўгага і разнастайнага супрацоўніцтва

Новости

У германскім г. Франкфурт-на-Одэры 3 — 6 красавіка прайшла 8-ая беларуска-германская сустрэча гарадоў-пабрацімаў і партнёраў. Гэты маштабны форум пасля 4-гадовага перапынку быў арганізаваны Беларускай грамадскай арганізацыяй «Пародненыя гарады» сумесна з германскімі партнёрамі — адміністрацыяй Франкфурта-на-Одэры, фондам «Сустрэчы Захад-Усход», федэральным аб’яднаннем таварыстваў «Захад-Усход» і пасольствам Беларусі ў ФРГ.
З беларускага боку ў мерапрыемстве ўдзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя на чале са старшынёй БГА «Пародненыя гарады», членам Савета Рэспублікі Барысам Батурай, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі каля 20 беларускіх гарадоў і раёнаў, якія маюць пабрацімскія і партнёрскія сувязі з германскімі рэгіёнамі.
Наша Браслаўшчына апошнім часам вядомая ў рэспубліцы як актыўная ўдзельніца шматлікіх міжнародных праектаў, таму пры садзеянні эксперта па пытаннях устойлівага развіцця і мясцовых павестак на 21 стагоддзе Алега Сівагракава ў беларускую дэлегацыю былі ўключаны і браслаўчане.
Старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, якая ўзначальвала групу браслаўчан, падчас гутаркі з ёй паведаміла, што на адкрыцці міжнароднай канферэнцыі кіраўнік БГА «Пародненыя гарады» Барыс Батура зазначыў, што пабрацімскі і партнёрскі беларуска-германскі рух адлюстроўвае імкненне мясцовых улад і народаў умацоўваць дружбу і ўзаемадавер праз доўгатэрміновае і мнагапланавае міжнароднае супрацоўніцтва. Сумесна рэалізуемыя пародненымі гарадамі Беларусі і Германіі праекты накіраваны, акрамя ўмацавання гуманітарных сувязей, на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
І ў час 8-ай сустрэчы гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Германіі, прадоўжыла Ніна Пучынская, было падпісана чарговае пагадненне — аб партнёрстве паміж гарадамі Чаусы і Губен.
А ўвогуле, акрамя пленарных, праходзілі пасяджэнні некалькіх тэматычных рабочых груп, у ходзе якіх бакі дэталёва абмяркоўвалі магчымасці і перспектывы далейшай работы па развіцці гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага, адукацыйнага, культурнага супрацоўніцтва. У тым ліку разглядаліся такія тэмы, як садзеянне развіццю эканомікі і прыцягненню інвестыцый, павышэнне энергаэфектыўнасці жыллёвага будаўніцтва, новыя сумесныя праекты ў галіне камунальнай гаспадаркі, роля моладзі ў пабрацімскім руху, Праграма падтрымкі Беларусі федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.
На адным з такіх пасяджэнняў Ніна Пучынская прэзентавала германскім партнёрам наш раён і яго праграмы міжнароднага супрацоўніцтва ў межах Рэгіянальнага экалагічнага цэнтра па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, Праграмы падтрымкі Беларусі федэральнага міністэрства Германіі, Еўрарэгіёна «Азёрны край», Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства, «Пагадненне мэраў».
Безумоўна, удзел у рэалізацыі разнастайных міжнародных праектаў вельмі карысны для павышэння якасці жыцця людзей, бо, акрамя абмену здабыткамі беларускай гісторыі і культурнай спадчыны з іншымі народамі, браслаўчане ўвасабляюць у практыку сусветны вопыт па добраўпарадкаванні тэрыторый, ахове прыроды, энергаэфектыўнасці і энергазберажэнні, аказанні насельніцтву медыцынскай дапамогі.
Каб зацікавіць замежных удзельнікаў канферэнцыі нашым краем, правесці прэзентацыю было зусім не проста, лічыць яе браслаўскі ўдзельнік Андрэй Давыдзенка, але Ніна Пучынская з такой задачай справілася выдатна, бо ад «доктара» Домке, старшыні прэзідыума фонду «Сустрэчы Захад-Усход» ужо паступіла прапанова размяшчаць на яго інтэртэт-платформе браслаўскія ініцыятывы, якія яны маглі б рэалізоўваць сумесна з германскімі партнёрамі.
Верагодна, што ў 2015 г. на чарговай 9-ай сустрэчы гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Германіі, якая адбудзецца ва ўнікальным беларускім Нясвіжы, у г. Браслава з’явіцца афіцыйна аформлены германскі пабрацім.

Казімір Пятушка.