Рыхтуемся да свята

Главное

1370354708_720_480Імкліва бяжыць час, не паспееш азірнуцца, як зноў наша Браслаўшчына рыхтуецца сустрэць на сваёй зямлі гасцей і ўдзельнікаў фестывалю «Браслаўскія зарніцы», які сёлета пройдуць пад агульнай назвай «Браслаў — горад сяброўства і партнёрства».
Першы дзень свята, 30 мая, будзе прымеркаваны да Дня абароны дзяцей. Як паведаміла член аргкамітэта Ірына Угарэнка, у гэты дзень на пляцоўцы каля касцёла на сваю вясёлую арбіту запросіць «Галактыка дзяцінства» са спартыўна-забаўляльнымі атракцыёнамі. Жадаючыя змогуць прадэманстраваць свае снайперскія здольнасці, наведаць фотасалон, паспытаць удачу ў бяспройгрышнай латарэі і выцягнуць шчаслівы білецік, паскакаць на батутах, навучыцца танцаваць.
Для дзяцей-сірот нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» плануе правесці экскурсію на цеплаходзе па воз. Дрывяты.
У завяршэнне святочнага дня адбудзецца гала-канцэрт «Прывітанне, свет!», падрыхтаваны педагогамі і выхаванцамі дзіцячай школы мастацтваў, цэнтрам дзяцей і моладзі, ўстаноў адукацыі раёна.
Усе прысутныя атрымаюць вымпелы — сімвалы дзяцінства.
У наступны дзень забаўляльная «Галактыка дзяцінства» ўступіць месца «Планеце творчасці», дзе пройдзе выстава дзіцячага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва і мясцовых майстроў, жадаючыя змогуць прыняць удзел у майстрах-класах па валенні воўны, саломапляценні, вырабе абярэгаў, набыць эксклюзіўныя рэчы, вырабленыя ўласнымі рукамі.

Алена Пятушка.