Дзеля дабрабыту раёна

Главное

IMG_1285 (Small)Па распараджэнні старшыні райвыканкама 5 красавіка ў раёне праводзіўся суботнік, мэтай якога ставілася добраўпарадкаванне райцэнтра і населеных пунктаў, могілак, мемарыяльных комплексаў, месц пахаванняў воінаў і партызан, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, тэрыторый прадпрыемстваў і ўстаноў, месц масавага адпачынку.
Трэба сказаць, што браслаўчане з разуменнем аднесліся да аб’яўленага мерапрыемства і прынялі ў ім самы актыўны ўдзел. Асабліва кідаецца ў вочы, наколькі пасля суботы папрыгажэў горад. Калектывы асобных прадпрыемстваў, такіх як райбальніца, хлебазавод, філіял Глыбоцкага МКК «Браслаўскі малаказавод, райпа і шэрагу іншых не сталі чакаць суботніка і прыбралі свае тэрыторыі загадзя.
У дзень жа афіцыйна аб’яўленага мерапрыемства па навядзенні парадку бадай самы шматлюдны дэсант накіраваўся на гарадскія вуліцы з КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» — звыш 60 чалавек. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі прыбіралі вуліцы, бялілі бардзюры і слупы ліній асвятлення, разам з членамі БРСМ высаджвалі дрэвы ў новым скверы, што разбіты ля гарадскога пляжа на воз. Бярэжжа.
Непасрэдна ж 5 красавіка шчыравалі на сваіх тэрыторыях супрацоўнікі ПМК-42, філіяла Глыбоцкага МКК «Браслаўрыба», РКБА.
Не засталіся ўбаку, што радуе, і жыхары горада. Многія з іх прыбіралі свае ўчасткі, наводзілі парадак у дварах шматкватэрных дамоў.
Значны аб’ём работ выканала «зборная каманда» ўстаноў горада, якая наводзіла парадак на гары, што прылягае да старой брукаванай дарогі.
Такім чынам, у раёне пакладзены пачатак работам па навядзенні парадку на зямлі, якія будуць прадаўжацца рэгулярна на працягу года, а заробленыя на суботніку грошы пойдуць на добраўпарадкаванне горада і раёна, правядзенне масавых мерапрыемстваў.
Паколькі тэрмін пералічэння сродкаў вызначаны да 1 мая, колькі іх паступіць на разліковы рахунак, будзе вядома пазней.

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.