Юным браслаўчанам уручылі пашпарты

Актуальное

IMG_0912 (Small)У суботу ў краіне адзначаўся Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і 20-годдзе прыняцця галоўнага дакумента нашай дзяржавы. А напярэдадні гэтай святочнай даты ва ўсёй краіне, у тым ліку і на Браслаўшчыне ладзіліся мерапрыемствы.
Галоўнае ж з іх — урачыстае ўручэнне пашпартоў 32 юнакам і дзяўчатам, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Для іх — пераможцаў прадметных алімпіяд, выдатных спартсменаў, актыўных удзельнікаў мастацкай самадзейнасці і школьнага жыцця, актывістаў БРСМ — па традыцыі ў РДК была наладжана сапраўдная ўрачыстасць. А гэта зрабіла такую падзею для юных браслаўчан асабліва значнай і запамінальнай. Ужо некалькі гадоў запар уручэнне пашпартоў праходзіць у рамках усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі”, а ў нашым раёне ладзіцца пры падтрымцы райвыканкама, райсавета, аддзела адукацыі, спорту і турызму, райкама БРСМ. Сёлета ў зале РДК сабраліся не толькі маладыя людзі, якія ўступаюць у дарослае жыццё, але і ганаровыя госці, родныя, настаўнікі, сябры.
Уручэнню самага важнага і першага ў жыцці дакумента — пашпарта — папярэднічалі віншаванні старшыні райвыканкама Сяргея Шматава. Звяртаючыся да маладых браслаўчан, ён зазначыў: “Канстытуцыя — надзейная аснова і трывалы фундамент для будавання дзяржавы. Галоўныя прынцыпы гэтага дакумента — для чалавека і ў інтарэсах Беларусі. І вы павінны разумець, што дасягнуць росквіту нашай краіны магчыма толькі шляхам беражлівых адносін да традыцый і сучаснасці. Вы ўступаеце ў дарослае жыццё, таму жадаю вам быць патрыётамі, любіць сваю радзіму, расці і працаваць на дабрабыт краіны і сваёй малой радзімы Браслаўшчыны”.
Пад гучныя апладысменты старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі Браслаўскага РАУС Юлія Крупенька ўручылі маладым людзям пашпарты і маляўнічыя выданні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, з выкладзенымі ў ім асноўнымі артыкуламі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, інфармацыяй аб асноўных заканадаўчых актах і іншымі пазнавальнымі матэрыяламі. А потым юныя браслаўчане прамовілі клятву маладога грамадзяніна рэспублікі.
Віншаванні хлопцам і дзяўчатам ад імя ўсіх бацькоў выказаў Сяргей Вепручкоў. А слова ад вучняў прамовіла вучаніца СШ №2 Кацярына Іоч.
Увогуле шмат віншаванняў гучала ў гэты дзень у адрас юных браслаўчан. З такім настроем і крочыць ім, атрымаўшы свой галоўны дакумент, па дарозе жыцця. З гонарам несці званне беларусаў, шанаваць сваю Радзіму.
Пасля афіцыйнай часткі прайшоў заключны этап агляду-конкурсу “Родныя спевы над Белай Руссю”. Прымеркаваны ён да 20-годдзя Канстытуцыі і 70-годдзя вызвалення Беларусі. Адборачны тур маладых выканаўцаў прайшоў у пачатку сакавіка, і толькі 17 лепшых выканаўцаў ад 10 да 31 года змаглі прабіцца ў фінал.
Прыемна зазначыць, што ў параўнанні з мінулым годам удзельнікаў стала больш у два разы, сярод выканаўцаў ёсць і працуючая моладзь. На сцэне ж падчас фінальнага этапа выканаўцы дэманстравалі сваё выканаўчае майстэрства, артыстычнасць і стараліся пакарыць вопытнае журы.
Спевакі выступалі ў трох узроставых катэгорыях: 10-14 гадоў, 15-17 гадоў і 18-31 год і на выбар выконвалі ваенна-патрыятычную песню ці шлягер мінулых гадоў.
Кожны з іх стараўся не толькі выдатна выканаць кампазіцыю, але і перадаць настрой песні. Адны рабілі гэта з дапамогай падтанцоўкі, другія не толькі спявалі, але і падыгрывалі на музычных інструментах. Маладыя людзі па-новаму выконвалі папулярныя ў мінулыя гады, але вядомыя і любімыя сёння песні. Вясёлыя і лірычныя, патрыятычныя і ваенныя песні гучалі ў выкананні маладых людзей, а гледачы кожнае выступленне ўспрымалі бурнымі апладысментамі.
Вызначыцца з пераможцамі журы было вельмі складана. Нарэшце іх імёны былі агучаны. Ва ўзроставай катэгорыі 10-14 гадоў перамагла вучаніца Ахрэмаўскай школы Ангяліна Лаўрыновіч, 15-17 гадоў – вакалістка цэнтра дзяцей і моладзі Надзея Шыдлоўская. А вось у катэгорыі 18-31 год сярод працуючай моладзі лепшым стаў супрацоўнік Браслаўскага аддзялення дэпартамента аховы Мікалай Красоўскі. Перамогу яму прынесла песня “Там, дзе клён шуміць”.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *