17.1

Якія прафесіі запатрабаваны

Актуальное

17.1З такім пытаннем часта звяртаюцца да раённай службы занятасці. Патлумачыць сітуацыю на рынку працы карэспандэнт газеты Алена Пятушка звярнулася да начальніка аддзела занятасці, аховы працы і сацыяльных працоўных адносін Леанарды Пятушкі.
— Леанарда Іванаўна, якія вакансіі сёння прапануе ваш аддзел беспрацоўным?
— Усе звесткі пра вакансіі паступаюць да нас з арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Некаторыя з іх «закрываем» на працягу аднаго — двух дзён, а на некаторыя працоўныя месцы шукаем работніка амаль месяц. Наймальнікі выстаўляюць для працаўнікоў шэраг патрабаванняў: вопыт работы, высокую кваліфікацыю, веданне камп’ютара, іншы раз і ўзрост. На цяперашні момант запатрабаваны такія прафесіі, як механізатары, жывёлаводы, электрыкі, даяркі, рабочыя будаўнічых прафесій, прадаўцы, вадзіцелі, аграномы, інжынеры, заатэхнікі, бухгалтары. Таму, калі ласка, з працаўладкаваннем тым, хто мае такія спецыяльнасці, дапаможам.
— Якую дапамогу аказаў ваш аддзел у мінулым годзе?
— За садзейнічаннем па працаўладкаванні за мінулы год да нас звярнуліся 644 чалавекі. Знайсці працу дапамаглі 283 беспрацоўным. З выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны падчас летніх канікулаў забяспечылі занятасць 126 школьнікам. Пецярым беспрацоўным прадастаўлены субсідыі для арганізацыі індывідуальнай дзейнасці на суму 54 млн. руб.
— Скажыце, калі ласка, хто можа стаць на ўлік у службу занятасці.
— Любы грамадзін, які не працуе па працоўным дагаворы, не зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, не выконвае работу ў юрыдычных асоб і ІП, не праходзіць ваенную службу, не вучыцца на вочнай форме навучання, не даглядае дзіця да 3-х гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, інваліда 1 групы, не займаецца забароненай дзейнасцю, якая прыносіць заработак.
На ўліку цяпер у службе занятасці стаяць 60 беспрацоўных.
— На якія курсы можна паехаць бясплатна ад службы занятасці?
— Курсы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі працуюць у Мінску, Віцебску, Полацку, Наваполацку, у гэтым годзе ёсць прапановы ад навучальных устаноў Маладзечна. За мінулы год на прафесійнае навучанне накіравана 16 беспрацоўных, на што са сродкаў фонду сацыяльнай абароны было затрачана 129,4 млн. руб. Там можна атрымаць будаўнічыя спецыяльнасці, а таксама вадзіцеля, машыніста розных установак, аператара ПЭВМ, цырульніка, повара, электрагазазваршчыка. Для таго, каб трапіць на курсы, трэба быць зарэгістраваным у службе занятасці ў якасці беспрацоўнага. Навучанне, пражыванне, дарога аплачваюцца з фонду сацабароны.
— А ў якім выпадку, Леанарда Іванаўна, сям’я беспрацоўнага можа змяніць месцажыхарства з дапамогай вашай службы ?
— Перасяленне беспрацоўных і членаў іх сямей на новае месцажыхарства адбываецца пры прадастаўленні ім у другой мясцовасці работы. У такім выпадку беспрацоўным, якія заключылі пагадненне, выплачваюцца грашовыя сродкі ў памеры сямікратнай велічыні БПМ, аплачваецца пераезд і выплачваюцца сутачныя на ўсіх членаў сям’і.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.