Святкавалі вартавыя парадку

Актуальное

IMG_0792 (Small)У панядзелак, напярэдадні Дня міліцыі і 97-годдзя ўтварэння службы, у Браслаўскім РАУС адбылося ўрачыстае мерапрыемства, на якім былі ўшанаваны лепшыя прадстаўнікі гэтай мужнай і такой неабходнай грамадству прафесіі.
Па традыцыі першым павіншаваў з прафесійным святам сваіх калег начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Вячаслаў Грышчанка. Ён нагадаў пра вынікі работы за мінулы год і асабліва спыніўся на тым факце, што дзякуючы зладжанай і мэтанакіраванай працы ўсіх аддзяленняў за апошнія гады ўдалося значна знізіць узровень злачыннасці на тэрыторыі раёна, зараз тут ён адін з самых нізкіх у вобласці. Начальнік РАУС таксама заўважыў, што ва ўсе часы браслаўская міліцыя стаяла на варце і абароне гонару і годнасці грамадзян, уносіла істотны ўклад ва ўмацаванне правапарадку і грамадскай бяспекі раёна. У многім гэта заслуга ветэранаў службы, пра якіх Вячаслаў Віктаравіч узгадаў асобна. Успомніў тых, хто аддаў сваё жыццё за мір і спакой на роднай зямлі ў час Вялікай Айчыннай вайны, выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, хто загінуў пры вакананні сваіх абавязкаў. В. Грышчанка падзякаваў за самаадданую працу, стойкасць і мужнасць сваім супрацоўнікам, адрасаваў ім словы віншаванняў, а лепшым уручыў узнагароды.
Так, граматай упраўлення ўнутраных спраў адзначана начальнік фінансавай часці Людміла Пархоменка, падзячнымі пісьмамі — старшы інспектар ДПС АДАІ Юрый Лаўрыновіч і памочнік дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Андрэй Карня. Нагрудны знак “Віцебская міліцыя” атрымаў старшы ўчастковы інспектар міліцыі Міхаіл Кірылаў.
Павіншаваць супрацоўнікаў РАУС з прафесійным святам прыйшоў і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён выказаў шмат цёплых слоў у адрас супрацоўнікаў аддзела, ветэранаў, падзякаваў за вялікую і напружаную работу, выключную самааддачу і ўменне нашых міліцыянераў выконваць абавязак у самых нестандартных сітуацыях. Сяргей Шматаў таксама ўручыў лепшым супрацоўнікам узнагароды. Ганаровай граматай райвыканкама адзначана работа ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Сяргея Шаўчука. Падзячным пісьмом райвыканкама ўзнагароджана бухгалтар фінансавай часці РАУС Ірына Янковіч.
Пажаданне добрасумленнай службы, адсутнасці крымінальных стрэсаў, сапраўднага сямейнага тылу прагучалі ў адрас міліцыянераў ад пракурора Браслаўскага раёна Юрыя Кезіка.
Узнагароды сталі сапраўдным прызнаннем заслуг вартавых правапарадку. I словы «Служу Рэспубліцы Беларусь» гучалі з іх вуснаў горда і адказна. Сярод узнагароджаных ёсць і моладзь. Значыць, ёсць у ветэранаў надзейная змена.
Ахова правапарадку — справа агульная. Гэта, як ніхто, ведаюць члены добраахвотных дружын сельскіх Саветаў і г. Браслава, якія аказваюць вялікую дапамогу ў барацьбе са злачыннасцю, папярэджванні правапарушэнняў на тэрыторыі раёна. Штогод праводзіцца раённы конкурс на вызначэнне лепшых дружын і дружыннікаў, а пераможцы атрымліваюць узнагароды на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню міліцыі. Вось і ў панядзелак старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў уручыў ім дыпломы. Лепшай па выніках 2013 года прызнана дружына пры Друеўскім сельсавеце (камандзір Ларыса Корсак), а лепшым дружыннікам стаў камандзір дружыны пры Ахрэмавецкім сельсавеце, дырэктар Ахрэмаўскай школы Анатоль Невярковіч. Таксама дыпломам быў адзначаны і лепшы грамадскі пункт аховы правапарадку, які знаходзіцца ў Опсаўскім сельсавеце (старшыня СГП Ала Даніліна).

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *