Спаборнічалі выратавальнікі

Актуальное

OLYMPUS DIGITAL CAMERAНягледзячы на напружаны графік работы, стрэсы, якія ў час яе атрымліваюць супрацоўнікі службы па надзвычайных сітуацыях, амаль кожны з іх мае і ўласнае хобі, якое дапамагае зняць негатыў працоўнага дня. Для многіх з іх гэта рыбалка. А сведчаннем таму стала абласное спаборніцтва вайскоўцаў МНС, якое адбылося ў мінулы чацвер. Паспытаць свайго рыбацкага шчасця ў Браслаў прыехалі супрацоўнікі Пастаўскага, Полацкага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Міёрскага, Расонскага, Лепельскага, Докшыцкага і Верхнядзвінскага РАНС, прычым з апошняга прыехалі адразу дзве каманды – дзеючых вайскоўцаў і ветэранаў-выратавальнікаў, савет якой узначальвае Уладзімір Астапковіч, вядомы ў нашым коле як спецыяліст вышэйшага профілю, які за час сваёй працы выратаваў нямала людскіх жыццяў.
Такім чынам, раніцай з базы адпачынку “Чайка” на лёд возера Дрывяты выправілася больш за 50 чалавек, якія служаць у раённых аддзелах па надзвычайных сітуацыях. І кожны з іх спадзяваўся, што гэты дзень стане для яго самым удачлівым. Але шанцуе не кожнаму.
Па ўмовах спаборніцтва вызначаліся тры лепшыя каманды, тры рыбакі ў асабістым заліку па агульнай вазе, а таксама ў намінацыях вялікая рыбіна і шчупаковая ўдача.
У выніку першае месца ў камандным заліку заняла каманда Докшыцкага РАНС, другімі сталі выратавальнікі з Шаркаўшчыны, а трэцімі – гаспадары спаборніцтва.
У асабістым заліку роўных не было Івану Байкоўскаму з Шаркаўшчыны, які злавіў 6345 г рыбы. Андрэй Білкшта з Докшыц у гэты дзень здолеў нацягаць 5240 г. А вось браслаўчанін Міхаіл Далецкі, які заняў трэцяе месца¸ ім значна саступіў. Яго ўлоў заважыў 2740 грамаў.
Падлешчыка ў 380 г злавіў І. Байкоўскі, што дазволіла яму атрымаць і яшчэ адзін прыз за самую вялікую рыбіну. А ў намінацыі шчупаковая ўдача перамаглі браты Андрэй і Валерый Ліпскія з Шаркаўшчыны.

Іван Машара,
нам. начальніка Браслаўскага РАНС.
Фота Аляксандра Азевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *