Шлях уверх

Актуальное

IMG_0584 (Small)У нашым раёне ёсць толькі адна ліфтавая гаспадарка, якая займаецца перавозкамі пасажыраў. Функцыянуе яна ў Браслаўскай ЦРБ і налічвае шэсць ліфтаў: 3 – лячэбна-пасажырскія (іх яшчэ называюць грузавымі, але гэта не зусім так) і 3 – пасажырскія ў традыцыйным разуменні гэтага слова. Першыя тры працуюць непасрэдна ў бальніцы, з апошніх жа два абслугоўваюць наведвальнікаў і персанал паліклінікі, а шахта трэцяга нібыта ніццю звязвае аддзяленні стацыянара.
Інжынер энергетычнай службы ЦРБ Пётр Адамовіч адказвае за ацяпленне і электразабеспячэнне ўстановы. У сферы яго адказнасці спраўнае функцыянаванне абсталявання на харчблоку, у пральні, бесперабойная работа ўсёй немаленькай энергасістэмы бальніцы. Аднак, па словах Пятра Яўгенавіча, вельмі значная і самая небяспечная частка яго работы звязана менавіта з ліфтавай гаспадаркай. Абслугоўванне пад’ёмных механізмаў не церпіць абыякавага і няякаснага падыходу – усе работы павінны выконвацца толькі на вышэйшым узроўні.
Каб апісаць маштабы дзейнасці ліфтавай гаспадаркі ЦРБ, варта сказаць, што ўсе шэсць шахт спраўныя і працуюць круглыя суткі. Вядома, найбольшая нагрузка кладзецца на пасажырскія ліфты – яны ўвогуле не спыняюцца, па меншай меры ў працоўны час. У пацвярджэнне гэтых слоў магу прывесці яскравы прыклад. За той час, пакуль мы з Пятром Адамовічам знаходзіліся ў машынным памяшканні і абмяркоўвалі тэхнічныя моманты (а гэта мінут 20), рухавік пад’ёмнага механізма не спыніўся ні разу, толькі шкіў рэдуктара круціўся то ў адзін, то ў другі бок. Пры гэтым усё абсталяванне працуе з моманту адкрыцця лячэбнай установы ў 1994 годзе. Сур’ёзная паломка была толькі аднойчы: выйшаў са строю прывад пасажырскага ліфта, што ў самой бальніцы. Ліфт прастойваў каля двух тыдняў. “І на гэта ёсць свае прычыны, – кажа Пётра Яўгенавіч. – Справа ў тым, што ўстаноўлены там механізм Шчарбінскага завода хуткасны і разлічаны на эксплуатацыю ў высотных пабудовах. У бальніцы ж усяго 5 паверхаў, разагнацца няма дзе. Адсюль пастаянныя кароткія разгоны і рэзкія тармажэнні, штуршкі і рыўкі – вось тэхніка і не вытрымала такой нагрузкі.” Ліфт расійскага вытворцы адзіны ў нашай рэспубліцы ў сваім родзе, таму ёсць пэўныя цяжкасці з пошукам запчастак. Здараюцца, вядома, і шматлікія дробныя няспраўнасці, якія часцей за ўсё зводзяцца да захрасання кабіны, але яны аператыўна ліквідуюцца ўласнымі сіламі. Абслугоўванне ж і больш значны рамонт ажыццяўляе ААТ “Наваполацкліфт”, з якім у ЦРБ заключаны адпаведны дагавор.
Што датычыцца так званых грузавых ліфтаў, то яны выкарыстоўваюцца не так інтэнсіўна – у сярэднім па 30 паездак у суткі. Кабіны могуць узяць на борт да 500 кілаграмаў грузу і кіруюцца ўручную. Аднак кожны жадаючы праехаць на іх не зможа. Для гэтага ў ЦРБ ёсць цэлы штат спецыялістаў – 5 ліфцёраў, якія працуюць па зменах кругласутачна. Яны перавозяць і ляжачых пацыентаў, і грузы, падтрымліваюць кабіны ў чысціні і ўвогуле належным стане. Штогод праходзяць навучанне і праверку ведаў для допуску да работы.
Адна з іх – Аліна Седзюкевіч (на здымку), якая больш за 10 гадоў працуе ліфцёрам. Ветлівая жанчына нібыта вопытны вадзіцель можа па гуку і вібрацыях вызначыць няспраўнасць, а часта і нават ліквідаваць яе. Сама яна прызнаецца, што работа ёй падабаецца. Нічога экстраардынарнага ў сваёй прафесіі жанчына не бачыць – прывыкла. Пасажыры між тым часта здзіўляюцца, але заўсёды дзякуюць. А гэта прыўносіць у працоўныя будні ліфцёра пазітыўнасць.
Галоўнае ж у ліфтавай гаспадарцы – бяспека. Разам з надзейнасцю яна характарызуе вертыкальны транспарт з самага лепшага боку. У нашай бальніцы, напрыклад, існуюць 36 ступеней абароны пасажыраў ад рознага кшталту непрыемнасцей. Кабіны трымаюць па чатыры тросы, кожны з якіх і паасобку добра б справіўся са сваімі абавязкамі. Таму можна смела казаць пра мнагакратны запас трываласці.
Такім чынам, ад жадаючых лёгка і хутка падняцца на патрэбны паверх патрабуецца толькі націснуць кнопку. Пра астатняе ж паклапоціцца надзейная тэхніка і ўмелы персанал.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.IMG_0587 (Small) IMG_0592 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *