Пра апошні званок і не толькі

Актуальное

zvonokУ школах, гімназіях, агульнаадукацыйных ліцэях Беларусі навучальны 2013/2014 год закончыцца 31 мая. Дакумент пра завяршэнне навучальнага года, правядзенне выпускных экзаменаў, прыём на конкурснай аснове ў асобныя ўстановы адукацыі для атрымання базавай, сярэдняй адукацыі накіраваны ва ўсе ўстановы краіны, а таксама апублікаваны на афіцыйным партале Міністэрства адукацыі. Падрабязна ж пра яго карэспандэнту газеты Зінаідзе Палулех расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Антаніна Абалевіч.
— Антаніна Лявонаўна, здаецца, яшчэ не так хутка заканчэнне навучальнага года, аднак вучням і іх бацькам цікава ведаць, калі ж прагучыць апошні званок.
— Заняткі закончацца 30 мая, а ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды апошняга званка для вучняў устаноў адукацыі раёна адбудуцца 31 мая.
— А ў які час пройдуць экзамены?
— Выпускныя экзамены пройдуць з 1 па 12 чэрвеня. Пачынацца па вучэбных прадметах, якія праводзяцца ў пісьмовай форме, яны будуць у 9 гадзін.
— Якія экзамены сёлета давядзецца здаваць дзевяці- і адзінаццацікласнікам?
— Пасля завяршэння навучання ў 9 класе вучні павінны будуць здаць чатыры абавязковыя выпускныя экзамены: беларускую, рускую мовы, матэматыку ў пісьмовай форме, а таксама гісторыю Беларусі вусна.
Пасля заканчэння 11 класаў вучні здадуць у гэтым годзе тры абавязковыя выпускныя экзамены: матэматыку ў пісьмовай форме, беларускую або рускую мовы (па выбары) таксама пісьмова і замежную мову (англійскую, нямецкую, французскую) у вуснай форме. Чацвёрты экзамен – па выбары. Гэты іспыт праводзіцца ў вуснай форме, акрамя экзамену па беларускай ці рускай мове і мове нацыянальнай меншасці (польскай ці літоўскай).
Для тых, хто асвойваў адукацыйную праграму сярэдняй адукацыі з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні, абавязковым з’яўляецца выпускны экзамен па адным з вучэбных прадметаў, якія вывучаліся менавіта на такіх умовах, а гэта вучні Браслаўскай гімназіі, за выключэннем выпадкаў супадзення вучэбнага прадмета, па якім праводзіцца абавязковы выпускны экзамен.
— Антаніна Лявонаўна, а ўдакладніце, калі ласка, які можна зрабіць выбар па выпускным экзамене па выбары.
— Ён можа быць па адным з наступных прадметаў: беларуская мова (пераказ), беларуская, руская літаратура (вусна), замежная мова (вусна), гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (вусна ці абарона рэферата), геаграфія, біялогія, фізіка, астраномія, інфарматыка, грамадазнаўства (вусна), фізічная культура і здароўе (у практычнай форме).
Расклад выпускных экзаменаў будзе складзены ўстановай адукацыі з улікам адзіных па рэспубліцы тэрмінаў правядзення пісьмовых выпускных экзаменаў. Усе заданні для правядзення пісьмовых экзаменаў будуць аб’яўлены па тэлебачанні і радыё.
— Дзякую, Антаніна Лявонаўна, за размову.
— Хачу напрыканцы гутаркі пажадаць усім выпускнікам удачы і поспехаў на экзаменах. І ні пуху, ні пер’я.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *