Парыбачылі на славу

Актуальное

Изображение 215Стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня міліцыі праводзіць сярод супрацоўнікаў Браслаўскага аддзялення дэпартамента аховы МУС спаборніцтвы па зімовай рыбалцы. Ладзіцца такое мерапрыемства на працягу многіх гадоў і за гэты час стала адным з самых любімых не толькі для тых, хто шмат гадоў аддаў працы ў аддзяленні, але і для маладых супрацоўнікаў.
Чарговыя спаборніцтвы па рыбалцы прайшлі 2 сакавіка на возеры Струста. Раніцай у марах пра значны ўлоў апантаныя рыбаловы выйшлі на лёд. Давяраючы сваёй інтуіцыі і вопыту, яны сталі выбіраць месцы для лунак. У кожнага з іх была свая стратэгія: адны адыходзілі далей ад усіх, каб не раскрываць уласныя хітрыкі, другія наадварот — садзіліся бліжэй адзін да другога, каб не толькі палавіць рыбу, але і пагутарыць на жыццёвыя тэмы з суседам. Але ж усіх удзельнікаў яднала адно — надзея на рыбацкую ўдачу, кожны бачыў сябе пераможцам.
На жаль, пагода не надта садзейнічала рыбалцы. Амаль увесь дзень ішоў мокры снег, а рыба на перамену надвор’я не клявала. І ўжо толькі ад навыкаў рыбака залежала, хто стане пераможцам і атрымае галоўны прыз.
Нарэшце ўдзельнікі вярнуліся на бераг, і стала вядома, хто самы ўдачлівы рыбак Браслаўскага аддзялення аховы. Ім аказаўся старшы інспектар Андрэй Жукоўскі. Адрыў ад другога прэтэндэнта на званне пераможцы склаў усяго толькі 0,05 кг. Другое месца дасталося міліцыянеру-кінолагу Аляксандру Шакуру. Мужчына — вопытны рыбак і кожны год займае прызавыя месцы ў такім спаборніцтве. Трэцім стаў электраманцёр Павел Кірылаў. Дарэчы, ён толькі першы сезон пачаў асвойваць зімовую рыбалку. Праўду кажуць у народзе, што навічкам у рыбалцы шанцуе.
Прызёры спаборніцтваў атрымалі дыпломы. Пераможцу ўручылі яшчэ і ледабур, уладальніку другога месца — скрынку для зімовай рыбалкі. Астатніх удзельнікаў на беразе чакала юшка са свежага ўлову і святочны стол. Акрамя таго, усе рыбакі атрымалі зарад добрага настрою і бадзёрасці, што стане добрай нагодай для правядзення такога ж мерапрыемства ў вясенне-летні перыяд, але ўжо ў больш пашыраным складзе — з удзелам работнікаў суседніх падраздзяленняў аховы.

Мікалай Сільчонак,
начальнік Браслаўскага аддзялення дэпартамента аховы.Изображение 223 Изображение 236

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *