IMG_9214 (Small)

Лёд крануўся

Актуальное

IMG_9214 (Small)Дзень бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі — свята людзей, якія сваёй штодзённай карпатлівай дзейнасцю забяспечваюць нам камфортныя ўмовы жыцця. На жаль, у першую чаргу мы заўважаем праколы і недахопы ў іх цяжкай і турботнай працы. А на плячах работнікаў гэтай сферы ляжыць вялізны груз адказнасці за якаснае забеспячэнне сэрвісу жыхароў раёна. нармальных умоў паўсядзённага жыцця. Свае намаганні ў агульную скарбонку станоўчых спраў работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва ўкладвае і калектыў Браслаўскай гасцініцы.
Будынак гасцініцы, пабудаваны ў 1962 годзе, састарэў і маральна, і тэхнічна. А калі ўваходзіш у файе, акунаешся ў атмасферу даўніх савецкіх часоў. Тым не менш там працуе добразычлівы і прыветлівы калектыў, які, нягледзячы на ўсе складанасці і нязручнасці, стварае, наколькі гэта магчыма, для пастаяльцаў камфортныя ўмовы пражывання.
Гасцінна сустракаюць кліентаў старшыя пакаёўкі Марына Шчогалева, Вера Бяляўская, Марына Леўша, Станіслава Курловіч. Менавіта ім у першую чаргу прыходзіцца адказваць на ўсе, часам недарэчныя пытанні і запатрабаванні засельнікаў, пры гэтым з усмешкай на твары тлумачыць адсутнасць той ці іншай паслугі, потым выслухоўваць непрыемныя, а іншы раз і абразлівыя каментарыі ў адрас гасцініцы, ды і свой.
Бедненька, але чыста. Так можна ахарактарызаваць пакоі і калідоры нашай гасцініцы. Згадзіцеся, навесці парадак у старых памяшканнях сізіфава праца, бо колькі ні мыеш — утульней не становіцца. Тым не менш выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі пакаёўкі Ганна Кеніня, Наталля Бабуль, прыбіральшчыца калідораў Ірына Яйсо. А Валянціна Бараноўская сочыць за свежасцю пасцельнай бялізны, вядзе яе строгі ўлік і кантроль. Трэба адзначыць, што на іх долю таксама хапае незадаволеных выказванняў і скаргаў ад пастаяльцаў. Але жанчыны цярпліва і віртуозна згладжваюць усе вуглы непаразуменняў, што, безумоўна, каштуе ім вялікіх намаганняў і сапсаваных нерваў.
Але з 2012 года лёд крануўся. У Браслаўскай гасцініцы пачаўся капітальны рамонт трэцяга паверху, а ў лютым бягучага года ўсе нумары і калідор набылі прывабны сучасны выгляд, утульныя светлыя пакоі з новай мэбляй, санвузлы з душавымі кабінкамі. З’явіўся нумар і для маладажонаў з усімі зручнасцямі, міні-кухняй і выхадам на балкон. Па словах начальніка ўчастка лазнева-гасцінічнай гаспадаркі КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» Міхаіла Курловіча, на рамонт трэцяга паверха зрасходавана каля 400 млн. руб. Наступным этапам, адзначыў Міхаіл Іванавіч, будзе рамонт даху і файе.
Застаецца спадзявацца, што ў хуткім часе госці Браслаўшчыны змогуць атрымаць асалоду не толькі ад цудоўнай прыроды нашага краю, а таксама ад камфортнага адпачынку ў гасцініцы. А яе дружнаму зладжанаму калектыву пакуль хочацца пажадаць цярпення і карэктных пастаяльцаў.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_9213 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.