1

Клічуць канікулы

Актуальное

1Прайшла трэцяя вучэбная чвэрць, і наперадзе ў школьнікаў доўгачаканыя канікулы. Хоць і працягнуцца яны ўсяго толькі тыдзень, але і за гэты час магчыма паспець адпачыць і набрацца сіл для далейшай вучобы. Каб дзеці не марнавалі дарэмна час, а праводзілі яго весела і цікава, актывізуюць сваю работу ўсе ўстановы адукацыі, цэнтр дзяцей і моладзі, установы культуры, бібліятэкі.
Як паведаміла метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Кацярына Сайкоўская, на базе школ раёна тыдзень будуць працаваць 8 лагераў. Дзявяты, міжнародны дыскусійны лагер, па традыцыі будзе дзейнічаць у гімназіі. Усяго ж адпачыць змогуць 276 дзяцей рознага ўзросту.
Кожная ўстанова адукацыі ўжо распрацавала свой план работы з дзецьмі на час веснавых канікулаў. Тут пройдуць тыдні дзіцячай і юнацкай кнігі, эскурсіі па раёне і за яго межы, цікавыя сустрэчы, вясёлыя мерапрыемствы, гульнявыя праграмы і яшчэ шмат цікавага.
Акрамя гэтага, адбудуцца вясеннія раённыя алімпіяды, а на базе СШ№2 26 сакавіка пройдзе алімпіяда па прававых ведах. Гімназія 28 сакавіка пакліча на раённы этап фестывалю межкультурных камунікацый. Спартыўная школа правядзе міжгародні турнір сярод падлеткаў, прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі.
Сваю праграму распрацаваў і цэнтр дзяцей і моладзі. Тут чакаюць з 8.00 да 19.00. З раніцы будуць працаваць гурткі, творчыя майстэрні, а з 14 гадзін кожны дзень будуць праводзіцца дыскапраграмы, гульнявыя і інтэлектуальныя мерапрыемствы. Усё гэта будзе аб’яднана адной тэмай – “Свята ў дзіцячай краіне”. Пройдзе на базе гэтай установы і конкурс агітбрыгад “Моладзь за бяспеку дарожнага руху”. Увогуле ж арганізатары абяцаюць шмат цікавых мерапрыемстваў і сюрпрызы для кожнага дзіцяці.
Запрашаюць да сябе ў госці і работнікі дзіцячай бібліятэкі. Наступны тыдзень тут аб’яўлены тыднем дзіцячай кнігі. З 24 па 28 сакавіка дзеці змогуць завітаць на гадзіну бібліявандроўкі “Дзверы ў казку адчыні”, выстаўку кніжных навінак “Казачны востраў”, рэкламную гадзіну “Часопісаў бясконцыя старонкі”, хіт-парад перыёдыкі “Каб дзеці больш ведалі, ёсць газеты і часопісы”. Чакаюць малых таксама гульні-вандроўкі, розныя выстаўкі, літаратурна-музычныя мерапрыемствы і многае іншае. А для аматараў малявання пройдзе конкурс дзіцячага малюнка “Мой сябар — спорт!”. Кожная бібліятэка раёна ў сябе таксама падрыхтавала шмат сюрпрызаў для дзяцей.
Добры настрой і карысны вольны час малым забяспечаны. Галоўнае, каб у іх было жаданне і інтарэс.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.