DSC_0914 (Small)

І зноў паклікала «Зарніца»

Актуальное

DSC_0914 (Small)Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў лесе каля в.Карасіна адбылася ваенна-спартыўная гульня «Зарніца», удзельнікамі якой сталі вучні Дрысвяцкай сярэдняй і Межанскай базавай школ сумесна з пагранічнікамі Карасінскага паста.
Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, дзень выдаўся па-веснавому цёплым, што спрыяла спартыўнаму настрою.
Спаборніцтвы праходзілі паміж камандамі «белых» і «чырвоных».
У першым конкурсе трэба было распаліць вогнішча. Складанасць яго заключалася ў тым, што кожнай камандзе даваліся толькі некалькі запалак і газета, а запаліць вільготную драўніну вельмі складана. Абедзве каманды даволі хутка справіліся з гэтай задачай.
Затым хлопчыкі дэманстравалі свой спрыт і меткасць у кіданні «гранат». Вось тут каманда «белых» прыклала больш намаганняў і вырвалася наперад. Але «чырвоныя» аказаліся лепшымі ў бегу з эстафетнай палачкай, да таго ж закінулі больш мячоў у кольца.
Крыштальную цішыню лесу разрывалі дзясяткі галасоў са словамі падтрымкі партнёрам па камандзе або бяскрыўднымі жартамі ў бок сапернікаў, і ўсё гэта суправаджалася хваляй дружнага смеху.
Падчас гульні паміж удзельнікамі зарадзіўся дух саперніцтва, ні адна з каманд не хацела ўступаць пальму першынства. Разрыў у ачках быў нязначным, але ўсё вырашыў апошні конкурс — перацягванне каната. Будучыя абаронцы Айчыны з каманды «чырвоных» аказаліся мацнейшымі. На гэтым спаборніцтва закончылася. Пакуль суддзі падводзілі вынікі, змораныя хлопцы падмацаваліся сытным абедам, які быў прыгатаваны на сапраўднай палявой кухні.
Нягледзячы на тое, што перамога дасталася «чырвоным», удзельнікі абедзвюх каманд атрымалі ад пагранічнікаў граматы і салодкія прызы, а гледачам дасталася маса прыемных уражанняў, зарад бадзёрасці і пазітыўнасці.

Ганна Гайдамовіч, вучаніца 11 класа Дрысвяцкай сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.