IMG_0521 (Small)

Добраўпарадкаванне — справа кожнага

Актуальное

IMG_0521 (Small)На мінулым тыдні на чарговым сумесным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта абмяркоўвалі адзінае пытанне, якое датычылася выканання прагнозных паказчыкаў па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў і горада Браслава ў 2013 годзе і задач на 2014 год.
Добраўпарадкаванне лічыцца адной з самых важных тэм. І гэта не выпадкова, бо раён з’яўляецца вядомай турыстычнай зонай. І калі тут не будзе належнага парадку, колькасць жадаючых адпачыць на Браслаўшчыне рэзка знізіцца.
Пра тое, як жа выконваецца раённы план па добраўпарадкаванні расказаў начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Іван Бялусь. І першае, на што ён звярнуў увагу, гэта тое, што за мінулы год большасць запланаваных мерапрыемстваў выкананы.
Усяго ж на добраўпарадкаванне населеных пунктаў сельсаветам, выканкамам, суб’ектам гаспадарання было выдзелена 726 млн. рублёў, па горадзе ДП “Браслаў-камунальнік” на гэтыя мэты зрасходаваў 4 220, 7 млн. рублёў.
Калі звярнуцца да канкрэтных спраў, то гэта рамонт і паляпшэнне дарожнага пакрыцця больш за 100 км вуліц і дарог, рамонт фасадаў 21 адміністрацыйнага будынка, усталяванне 39 малых архітэктурных форм, добраўпарадкаванне 42 прыпынкаў грамадскага транспарту, 20 розных месц адпачынку, 18 дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак, 50 могілак, пасадка дрэў і кветак. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму па раёне ўстаноўлены інфармацыйныя тумбы каля турыстычных аб’ектаў.
Як зазначыў Іван Бялусь, калі ў горадзе асноўныя работы былі накіраваны на рамонт вуліц, навядзенне парадку каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, завяршэнне будаўніцтва і добраўпарадкавання тэрыторый малаказавода, будаўніцтва аўтастаянкі каля пляжа і іншае, то ў сельскіх населеных пунктах — на ўстаноўку новай агароджы, рамонт фасадаў будынкаў, пад’ездаў да аддаленых вёсак, вулічнае асвятленне.
Усімі сельскімі Саветамі дэпутатаў, ДП “Браслаў-камунальнік” выканана значная работа па выдаленні аварыйных дрэваў. Асаблівая ўвага напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі надавалася навядзенню парадка на брацкіх могілках і каля помнікаў загінуўшым воінам. Так, адрамантавалі помнікі ў в. Зарачча, Злота, Азяраўцы, агр. Плюсы і Друя.
Не засталіся ў баку ад добраўпарадкавання шэфскія арганізацыі, старэйшыны, якія сабралі 67,6 млн. рублёў сродкаў самаабкладання. Ды і простыя людзі, гледзячы на тое, як змяняюцца вёскі і горад, таксама не застаюцца ўбаку.
Аднак ёсць і праблемы, на якія начальнік аддзела ЖКГ звярнуў асаблівую ўвагу. Так, на неналежным узроўні застаецца ўборка вуліц і замацаваных за прадпрыемствамі і арганізацыямі тэрыторый горада. У большасці ўбіраюцца яны толькі падчас суботнікаў, у астатні ж час кіраўнікі не лічаць неабходным сачыць за парадкам.
Як прыклад добрай работы па добраўпарадкаванні быў заслуханы даклад Жанны Акулы, старшыні Мяжанскага сельскага Савета дэпутатаў. Сёлета па выніках раённага спаборніцтва ён прызнаны “Лепшым Саветам дэпутатаў”.
Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў зазначыў, што нягледзячы на тое, што 90% запланаванага выканана, шмат зроблена і зараз здзяйсняецца, гэта не паказчык, на якім трэба спыняцца, а стымул для далейшых добрых спраў.
Прыкладам для астатніх могуць служыць пераможцы штогадовага раённага спаборніцтва па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, прыватных домаўладанняў, арганізацый і аб’ектаў раёна за 2013 год, якія у гэты дзень атрымалі дыпломы з рук старшыні райвыканкама. Так, сярод сельскіх населеных пунктаў першым прызнаны агр. Опса, другое месца дасталося в. Самуйлы Цяцеркаўскага сельсавета.
Сярод прыватных домаўладанняў першымі прызнана падвор’е сям’і В. Булаўскага з в. Рубеж, другім стала падвор’е Т. Саковіч з агр. Ахрэмаўцы.
Сярод школ і дзіцячых садкоў лепшай прызнана Опсаўская СШ, другое месца ў Быстрамаўскага дзіцячы сад-базавай школы.
А вось сярод арганізацый раёна перамог хлебазавод, другое месца ў Браслаўскага ПМС.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.IMG_0523 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.