Узаемнае свята брацкіх народаў

Главное

IMG_0366 (Small)Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, які адзначаецца 2 красавіка, з’яўляецца вельмі значнай падзеяй у жыцці двух брацкіх народаў. У абедзьвюх краінах гэтаму святу прысвячаецца шмат разнастайных мерапрыемстваў. Таму лагічна, што і адзіны дзень інфармавання насельніцтва ў сакавіку быў прысвечаны тэме Саюзнай дзяржавы.
На сустрэчы з супрацоўнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, які ўзначальваў адну з інфармацыйных груп, зазначыў, што беларусаў і расіян звязваюць даўнія гістарычныя і сацыяльна-культурныя сувязі. І зараз адным з асноўных накірункаў дзейнасці Саюзнай дзяржавы з’яўляецца правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі, выпрацоўка агульных падыходаў да праблем агульнаеўрапейскай бяспекі.
На рашэнне агульных праблем Расіі і Беларусі ў бюджэце Саюзнай дзяржавы за 2000 — 2013 гг. было акумулявана больш за 50 млрд. расійскіх рублёў. Гэта дазволіла цалкам ці часткова прафінансаваць рэалізацыю 62 сумесных праграм. На 2014 год таксама прадугледжана фінансаванне 37 сумесных праграм па 7-і накірунках.
Сяргей Шматаў звярнуў увагу на тое, што у адпаведнасці з дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы адной з яе мэт з’яўляецца фарміраванне адзінай эканамічнай прасторы. І аб’ектыўным паказчыкам ўзроўню эканамічнага інтэграцыйнага збліжэння, узаемадапаўнення сучасных эканомік з’яўляецца ўзаемны гандаль нацыянальнымі таварамі. Узаемнымі пастаўкамі звязаны больш за 8 000 прадпрыемстваў абедзьвюх краін. У 2012 г. тавараабарот дасягнуў рэкорднага ўзроўню — $ 43,9 млрд. ЗША. У 2013 г. доля Расіі ў знешнегандлёвым абароце паднялася да 49,2 %. Аб’ём расійскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі склаў 47 % ад усіх замежных інвестыцый у мінулым годзе. Тут зараз працуюць каля 2,2 тыс. арганізацый з расійскім капіталам, у тым ліку 1300 сумесных прадпрыемстваў. І на тэрыторыі Расіі дзейнічаюць больш за 1000 сумесных прадпрыемстваў, у тым ліку 30 зборачных вытворчасцей.
Беларусь таксама з’яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў Расіі — доля яе ў тавараабароце суседняй дзяржавы 4,8 %. На прасторы СНД наша краіна ў мінулым годзе выйшла на 1 месца сярод партнёраў Расійскай Федэрацыі і на 5-е сярод усіх іншых.
Адным з прыярытэтных накірункаў расійска-беларускага супрацоўніцтва з’яўляецца забеспячэнне бяспекі знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы. Для рашэння прыярытэтных задач па абароне і ахове знешніх рубяжоў, заўважыў старшыня райвыканкама, пагранічнымі службамі абедзьвюх краін паспяхова рэалізуецца праграма «Умацаванне пагранічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы на перыяд 2012 — 2016 гадоў».
Правядзенне ўзгодненай сацыяльнай палітыкі — таксама адна з самых важных мэт Саюзнай дзяржавы. Сяргей Шматаў нагадаў, што галоўным крокам у гэтым накірунку супрацоўніцтва з’явілася падпісанне 24 студзеня 2006 г. пагаднення пра забеспячэнне роўных правоў грамадзян Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.
З сакавіка 2007 г. уступіў у сілу і дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння. Акрамя іншых сацыяльных гарантый, з 1 студзеня 2012 г. работадаўцы за часова працуючых у Расіі грамадзян Беларусі робяць адлічэнні ў пенсіённы фонд Расіі. Такім чынам, забяспечваецца права грамадзян Беларусі на пенсію за адпрацаваны ў Расіі перыяд.
Сяргей Шматаў прывёў таксама шмат прыкладаў плённага супрацоўніцтва ў межах Саюзнай дзяржавы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, у галінах адукацыі і культуры.
Міжурадавыя дамоўленасці дазваляюць развівацца і міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. Сяргей Шматаў нагадаў, што і Браслаўскім райвыканкамам заключаны 3 дагаворы аб супрацоўніцтве з рэгіёнамі Расіі — Пскоўскім, Вічугскім раёнамі і Вайкоўскім раёнам паўночна-адміністрацыйнай акругі Масквы.
Рэгіёны суседняй дзяржавы сталі пастаяннымі ўдзельнікамі «Браслаўскіх зарніц», канферэнцый па трансгранічным супрацоўніцтве. Абменьваюцца вопытам настаўнікі нашага і Пскоўскага раёнаў. Удзельнічалі расіяне ў міжнародным семінары па энергазберажэнні, які праходзіў у Відзаўскім каледжы.
Райпа і хлебазавод арганізуюць выязны гандаль у рэгіёны Расіі. А на тэрыторыі раёна зараз рэалізуюцца 3 праекты з удзелам замежнага капітала — будаўніцтва завода па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў (ААТ «Мадара»), атэля ў Браславе і аўтазаправачнай станцыі (ААТ «Татнафтапрадукт»).
Пагутарыў старшыня райвыканкама з супрацоўнікамі РЦГіЭ і пра надзённае жыццё раёна. У сілу спецыфікі сваёй работы і ўвогуле як нераўнадушныя грамадзяне, яны шмат задавалі кіраўніку раёна пытанняў, выказвалі і ўласныя прапановы. Тычыліся яны асвятлення вул. Гагарына, якасці пітной вады, пашырэння гарадскіх могілак, абсталявання дзіцячых пляцовак, арганізацыі руху гарадскога грамадскага транспарту і ўвогуле бяспекі руху, перспектывамі жылля для маладых спецыялістаў і інш.
Увогуле ж зносіны з кіраўніком раёна атрымаліся вельмі шчырымі, адкрытымі і прадукцыйнымі. А на завяршэнне размовы Сяргей Шматаў пазнаёміўся падрабязна са зместам і ўмовамі працы работнікаў РЦГіЭ (на здымку).

Казімір Пятушка.
Фота аўтара.