Маладзёжныя ініцыятывы

Новости

У чацвёрты раз з 22 па 25 сакавіка дзверы гімназіі гасцінна адчыніліся для ўдзельнікаў міжнароднага маладзёжнага вясенняга дыскусійнага лагера. Прадставіць свае ініцыятывы, абмяняцца думкамі і аб’яднаць намаганні для распаўсюджвання ідэй устойлівага развіцця ў сучасным грамадстве сабраліся школьнікі і іх кіраўнікі з Браслава, Друі, Верхнядзвінска, Оршы, Віцебска, Маладзечна, Іванава, Мінска, Здзідава, Даўгаўпілса і Рыгі.
Жадаючыя прыехаць на сінявокую Браслаўшчыну, каб выказаць свае ідэі і прапановы па паляпшэнні якасці жыцця, праходзяць конкурсны адбор. Толькі тыя прадстаўнікі каманд, якія даслалі найбольш цікавыя адказы на пытанні віктарыны, што змешчана на сайце гімназіі, могуць трапіць у лік шчаслівых удзельнікаў лагера. Усе прыезджыя размяшчаюцца ў гасцявых сем’ях, што дае магчымасць падлеткам мець зносіны не толькі ў рамках афіцыйнай праграмы, а таксама бавіць час у нефармальных сустрэчах.
Пасля знаёмства ўдзельнікі лагера разважалі над тэмай «Навучанне праз усё жыццё», дзе выказвалі свае меркаванні пра неабходнасць увесь час удасканальваць свае веды. Падчас пасяджэння філасофскага кафэ яны гаварылі пра чалавека дзеючага, які ў самых разнастайных сітуацыях, сустракаючы на сваім шляху розныя праблемы, увесь час вучыцца жыць у гармоніі з прыродай і грамадствам.
Затым групы падрыхтавалі рэальныя для ажыццяўлення акцыі і прадставілі іх у выглядзе відэаролікаў экспертам, у якасці якіх выступалі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Давыдзенка, старшыня БРГА прыгранічнага супрацоўніцтва «Еўрарэгіён «Азёрны край»» Юлія Герцава і дацэнт кафедры педагогікі і менеджменту навучання АПН г. Мінска Сафія Савелава.
«Перасядзем на веласіпед», «Падары ўсмешку свету» і «Свет вачамі дзяцей» — усе гэтыя ініцыятывы адлюстроўваюць мадэль грамадства, у якім жадае жыць наша моладзь. Кожнае прадстаўленне суправаджалася бурным абмеркаваннем, эксперты выказвалі слушныя парады і прапановы аўтарам акцый. Далей гэтыя ініцыятывы будуць прадстаўлены на нацыянальны конкурс «Зямля наш дом» у Мінску.
Акрамя гэтага, удзельнікі лагера пабывалі ў ДШМ, дзе праслухалі цудоўны канцэрт. Госці пазнаёміліся з гісторыяй і культурнай спадчынай нашага краю, пабывалі на экскурсіі ў Відзаўскім каледжы.
За час работы лагера яго ўдзельнікі бліжэй пазнаёміліся, з карысцю для сябе, весела і цікава правялі некалькі дзён вясенніх канікулаў. З новымі ідэямі і прыемнымі ўражаннямі яны раз’ехаліся дадому.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.