Праз прызму дзіцячай фантазіі

Новости

IMG_9071 (Small)Браслаўская раённая грамадская арганізацыя трансгранічнага супрацоўніцтва «Еўрарэгіён “Азёрны край”» у рамках Майстэрні ўстойлівага развіцця завяршыла чарговы этап рэалізацыю міні-праекта “Якім мы бачым наш горад заўтра”. Адбылося гэта дзякуючы падтрымцы Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йаханеса Рау і Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.
Міні-праект увасобілі ў жыццё сумесна з аддзелам адукацыі ў выглядзе конкурсу дзіцячых малюнкаў і сачыненняў. Ён быў закліканы прыцягнуць маладое пакаленне да вывучэння і развіцця сваёй малой радзімы. І, трэба сказаць, атрымаў у навучэнцаў школ раёна неблагую падтрымку. На суд журы былі прадстаўлены 33 малюнкі і 18 сачыненняў. Усе яны адлюстроўвалі дзіцячыя фантазіі і мары наконт Браслава будучыні. Сваё ўвасабленне ў работах знайшлі і дастаткова трывіяльныя, і самыя смелыя футурыстычныя ідэі. Аднак аб’ядноўвала ўсе творы адно: ва ўсіх іх значнае месца адводзілася нашым азёрам. Ці трэба казаць, які колер быў самым распаўсюджаным на дзіцячых малюнках?
Па выніках конкурсу ў аўторак, 11 сакавіка, быў праведзены круглы стол, за якім сабраліся разам яго ўдзельнікі, педагогі і арганізатары. Ад імя аддзела адукацыі прысутных вітала намеснік яго начальніка Антаніна Абалевіч. Яна падзякавала ўсім за актыўную жыццёвую пазіцыю, дзякуючы якой Браслаўшчына будзе прыгажэць, і ўручыла пераможцам дыпломы. Прызы – вырабленыя на заказ гадзіннікі і наборы паштовак, зробленых у выглядзе міні-версій дзіцячых малюнкаў – ад імя раённай арганізацыі «Еўрарэгіён “Азёрны край”» уручала яе старшыня Юлія Герцава. Атрымалася незвычайна і вельмі прыгожа. У намінацыі “Сачыненні” трэцяе месца журы прысудзіла навучэнцы Чэрнеўскай базавай школы Вераніцы Кяпсні, другое – Ксеніі Ракіцкай з Дрысвят, а пераможніцай стала Караліна Дрозд з Браслаўскай сярэдняй школы №2.
Вучань другой школы Уладзіслаў Савіцкі стаў пераможцам у намінацыі “Выяўленчае мастацтва”, другое месца ў ёй заняў Уладзіслаў Барткевіч з Далёкаўскага дзіцячы сад – базавай школы, а трэцяе месца заняла работа Іллі Савіцкага з Казян.
Юлія Герцава адзначыла, што круглы стол падвёў вынікі вялікай і працяглай работы па прыцягненні дзяцей і моладзі да распрацоўкі стратэгіі развіцця Браслаўшчыны. Бачанне будучыні дзецьмі, адлюстраванае ў работах эпісталярнага жанру, будзе ўлічвацца пры дапрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця рэгіёну. А малюнкі, акрамя выкарыстання іх пры стварэнні сувенірнага набору паштовак, стануць часткай калажа, які ў выглядзе банара размесцяць у горадзе.
Завяршылася мерапрыемства салодкім сталом і актыўным абмеркаваннем вынікаў праекту.

Вячаслаў Каладынскі.