Дарога не даруе няўважлівасці

Главное

1365785401_800_450Тэхнічны прагрэс прынёс людзям, на жаль, не толькі паляпшэнне якасці жыцця. Яго выдаткамі сталі, напрыклад, не заўсёды бяспечныя адносіны чалавека і аўтамабіля. Пэўна, у многіх яшчэ ў памяці нашумелы выпадак, які адбыўся амаль год таму назад.
У красавіку 2013 года на дарозе Муражы-Краснасельцы, недалёка ад в. Панцялейкі, адбылося страшнае дарожна-транспартнае здарэнне. Па галоўнай дарозе рухалася аўталаўка райпа, па другаснай — грузавы аўтамабіль з прычэпам пад латышскімі нумарамі. На перакрыжаванні вадзіцель фуры не звярнуў увагу на дарожныя знакі і працягнуў рух, у выніку чаго адбылося сутыкненне дзвюх машын. Няўважлівасць і недысцыплінаванасць на дарозе каштавалі вельмі дарагога — жыцця вадзіцеля аўталаўкі.
З моманту здарэння да канчатковага вынясення прыгавору прайшло каля 7 месяцаў. Адразу зрабіць высновы адносна таго, што ж на самай справе здарылася ў той дзень на перакрыжаванніі хто з вадзіцеляў быў вінаваты, было не магчымым. Падчас расследавання некалькі разоў праводзіўся дэтальны агляд месца сутыкнення, апытаны сведкі няшчаснага выпадку на дарозе, праведзены шэраг аўтатэхнічных і іншых экспертыз, накіраваных на ўстанаўленне тэхнічнай спраўнасці абодвух транспартных сродкаў. Спецыяльна былі запрошаны супрацоўнікі транспартнай інспекцыі па Віцебскай вобласці, якія расшыфравалі электронны тахограф.
Усе гэтыя меры прыводзілі да той высновы, што вінаваты ў ДТЗ быў латышскі вадзіцель грузавога аўтамабіля з прычэпам. Аднак віну за здарэнне мужчына прызнаў толькі часткова. Ён расказаў, што ў той дзень упершыню ехаў па гэтым маршруце, на перакрыжаванні не звярнуў увагу на знакі, якія ўказвалі на тое, што рухаецца ён па другаснай дарозе, не заўважыў ён і “Стоп” перад самым перакрыжаваннем. Вадзіцель упэўніваў у тым, што паглядзеў у абодва бакі, і машын там не было. Калі ж амаль праехаў перакрыжаванне, заўважыў аталаўку, якая рухалася справа, але ж падумаў, што паспее праскочыць. Спадзяваўся ён і на тое, што другі вадзіцель спыніцца.
Пра тое, што ў ДТЗ быў вінаваты вадзіцель фуры, паказвалі не толькі факты, але і сведкі, якія ў той момант аказаліся на злашчысным перакрыжаванні. Адвакат жа абвінавачанага спрабавала перакласці віну за ДТЗ на вадзіцеля аўталаўкі, быццам ён мог пазбегнуць сутыкнення, калі б пачаў спыняцца, але ў яго не была спраўная тармазная сістэма. Ды і сам вадзіцель фуры некалькі разоў мяняў свае паказанні.
Спрэчных момантаў было шмат. Каб расставіць усе кропкі над “і” спатрэбілася нават праводзіць следчы эксперымент. Пасля яго стала канчаткова вядома, што вадзіцель аўталаўкі няік не змог бы затармазіць і пазбегнуць сутыкнення.
Сваімі дзеяннямі вадзіцель фуры здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 317 КК Рэспублікі Беларусь: парушэнне правіл дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што стала прычынай смерці чалавека па неасцярожнасці.
Суд вынес канчатковы прыгавор: вадзіцель фуры прызнаны вінаватым, яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі на 3 гады.
Гэта ДТЗ яшчэ раз падкрэслівае, што дарога не даруе няўважлівасці. Часам трэба лішні раз упэўніцца ў тым, што шлях адкрыты, чым потым жалець пра тое, што здарылася, і папракаць сябе ці другога.

Сяргей Галімбоўскі,
намеснік пракурора Браслаўскага раёна.