Рэйтынг культурна-масавай работы высокі

Новости

IMG_8763На мінулым тыдні ў Браслаўскім РДК работнікі ўстаноў культуры раёна падвялі вынікі работы за 2013 год, акрэслілі планы і задачы на 2014-ы. З асноўным дакладам выступіла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Мацук.
Яна адзначыла поспехі, яскравыя і цікавыя мерапрыемствы, а таксама звярнула ўвагу і на недахопы ў рабоце бібліятэчнай сістэмы, клубных устаноў, дзіцячых школаў мастацтва, аб’яднання музеяў і райкінавідэасетцы.
Нягледзячы на тое, што сетка клубных ўстаноў кожны год скарачаецца, падкрэсліла дакладчык, колькасць масавых мерапрыемстваў павялічылася. За мінулы год іх праведзена 3099, што на 78 больш, чым у папярэднім. Увогуле ж, па выніках рэйтынгу культурна-масавай работы сярод клубных устаноў вобласці нашы займаюць 2-ое месца.
Ірына Віктараўна засяродзіла ўвагу на адным з асноўных паказчыкаў работы сферы культуры, якім з’яўляецца аказанне платных паслуг насельніцтву. Так, запатрабаваныя і прыносяць найбольшы даход конкурсныя праграмы, дыскатэкі, канцэртная дзейнасць, тэхнічныя паслугі і гасцініца музейнага аб’яднання. Агульная сума даходаў ад паслуг культуры насельніцтву склала 1210,9 млн. рублёў. Найлепшы вынік па выкананні ўсіх даведзеных паказчыкаў у Замошскім СДК — 240%, Дрысвяцкім СДК — 171%, Урбанскім СДК — 133% і ЦБС — 100%. Такім чынам, падкрэсліла І. Мацук, усім установам культуры трэба звярнуць асаблівую ўвагу на папаўненне спецрахунку, бо са сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці магчыма ўмацоўваць матэрыяльную базу і павялічваць заработную плату.
Аднак не выкананы паказчык па энергазберажэнні. Пры планавым заданні мінус 8%, ён склаў толькі мінус 0,4%. Таму эканомія і беражлівасць павінны стаць галоўным дэвізам. Плённа развіваліся культурныя сувязі з краінамі замежжа. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва самадзейныя калектывы раёна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах, праводзіліся пленэры, на тэрыторыі музея традыцыйнай культуры ўстаноўлена асвятленне на сонечных батарэях, закуплена музычная апаратура на суму 102,9 млн. руб., набыты тры народныя касцюмы коштам у 15 млн. руб., выпушчана 100 дыскаў з запісамі этна-музыкантаў Браслаўскага, Даўгаўпілскага і Зарасайскага рэгіёнаў.
Размову пра станоўчыя набыткі дзейнасці прадоўжылі дырэктар Відзаўскай дзіцячай школы мастацтваў Галіна Фадзеева, загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі Галіна Мацеша, бібліятэкар з Відзаў Галіна Кандратовіч, галоўны захавальнік раённага аб’яднання музеяў Ганна Базарэвіч, дырэктары Друйскага і Далёкаўскага СДК Марыя Гедройц і Алена Куляшова. У рабоце выніковага пасяджэння прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, якая адзначыла добрыя вынікі работы ўстаноў культуры і акрэсліла задачы на далейшую работу.
Затым дыпломамі, граматамі, удзячнасцямі і падарункамі ўшанавалі лепшых работнікаў культуры.
Завяршылася ж мерапрыемства цікавым канцэртам.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.