Усё віншаванні для любімых

Новости

IMG_0839 (Small)Сёмага сакавіка, напярэдадні Дня жанчын, у раённым Доме культуры віншавалі са святам цудоўную і самую любімую палову чалавецтва. Праграма “Нашым любімым мамам” хоць і была адрасавана матулям, але словы ўдзячнасці і віншаванні ў гэты дзень гучалі ў адрас усіх жанчын.
У перадсвяточны дзень у горадзе панавала асаблівая мітусня. Адны набывалі падарункі, другія — кветкі самым дарагім жанчынам, а трэція спяшаліся на святочны канцэрт.
Безумоўна, ва ўсіх арганізацыях віншавалі прыгожыю палову чалавецтва, рыхтавалі для іх святочныя праграмы. Але самыя цудоўныя ўражанні ў гэты дзень, па меркаванні жанчын, пакінуў канцэрт “Нашым любімым мамам ”.
Сюрпрызы для віноўніц урачыстасці пачыналіся на ўваходзе ў РДК. Кожная жанчына ў падарунак атрымала прыгожую папяровую кветку, зробленую рукамі выхаванцаў цэнтра дзяцей і моладзі. І, трэба адзначыць, такі знак увагі выклікаў у кожнай усмешку і станоўчыя эмоцыі.
На гэтым сюрпрызы не скончыліся. Педагогі ЦДМ да свята падрыхтавалі выстаўку кветак, зробленых дзецьмі ў розных тэхніках. Яна вабіла позіркі прысутных яркімі колерамі і здзіўляла палётам фантазіі. Размясцілася выстаўка ў фае РДК, тут жа магчыма было згуляць у бяспройгрышную латарэю.
Глядзельная зала ў гэты дзень была цалкам запоўнена. З віншаваннем да прыгожай паловы чалавецтва звярнуўся старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён выказаў словы ўдзячнасці ўсім жанчынам за іх працавітасць, адданасць, дабрыню, уклад у развіццё розных сфер дзейнасці раёна. Не прамінуў увагай старшыня райвыканкама тых жанчын, якія прызнаны сёлета лепшымі па прафесіі. А таксама пажадаў усім здароўя, шчасця, веснавога настрою і дабрабыту. А ў знак удзячнасці ўсім прадстаўніцам цудоўнай паловы чалавецтва на сцэну вынеслі букет кветак ад старшыні райвыканкама.
Свае лепшыя песні, вершы, танцавальныя нумары любімым жанчынам на працягу двух гадзін дарылі юныя артысты цэнтра дзяцей і моладзі, школ раёна. Яркія нумары мастацкай самадзейнасці суправаджаліся шквалам апладысментаў, крыкамі брава і словамі ўдзячнасці ад гледачоў. Дзве гадзіны праляцелі як адно імгненне, і ў гледачоў, і ў артыстаў канцэрта засталіся добрыя ўражанні — бо гэта самая добрая магчымасць выказаць сваю любоў да жанчын і падарыць ім крыху вясенняга цяпла і добрага, святочнага настрою. Жанчыны пакідалі залу, а на іх тварах свяціліся ўсмешкі, значыць, свята ўдалося.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.