Як святкавалі Масленіцу ў пачатковай школе

Главное

DSCN0084 (Small)Мінулы тыдзень (з 24 лютага па 2 сакавіка) быў адзначаны сустрэчай і провадамі Масленіцы, непаўторнага і радаснага свята падрыхтоўкі да Вялікага паста. Не засталася ў баку ад народнага свята і наша ўстанова адукацыі – Браслаўскі дзіцячы сад – пачатковая школа. Суботняй раніцай у двары школы сабраліся дзеці, настаўнікі і бацькі, каб праводзіць зіму і сустрэць вясну.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з традыцыямі святкавання Масленіцы. Не абышлося, безумоўна, без вясёлых карагодаў, песень, гульняў, перацягвання каната. А вось па традыцыі прабачальнай нядзелі, калі людзі просяць адзін у аднаго прабачэння за крыўды, дзеці падыходзілі адзін да аднаго, а таксама да бацькоў і настаўнікаў і прасілі прабачэння за ўсе свае дрэнныя ўчынкі і памылкі.
Але для масленіцы самае галоўнае – бліны, якія сімвалізуюць прыход сонейка і цяпла. Усе ўдзельнікі свята паласаваліся гарачымі блінамі з разнастайнымі начынкамі, якія бацькі гатавалі тут жа, на школьным двары. Не абышоўся гэты дзень і без галоўнага абраду — спальвання пудзіла Зімы. Разам з агнём і дымам паляцелі прэч усе беды, крыўды, хваробы і няшчасці.
Сваімі ўражаннямі ад свята дзеляцца яго ўдзельнікі:
Тэрэса Ерамеева, класны кіраўнік: “Народныя святы для дзяцей – унікальная магчымасць разнастаіць вольны час школьнікаў і дашкольнікаў, а таксама ў цікавай форме пазнаёміць іх з традыцыямі і звычаямі роднай зямлі. Ідэя папрасіць адзін у аднаго прабачэння яшчэ больш аб’ядноўвае дзяцей, бацькоў і настаўнікаў, настройвае ўвесь калектыў на дзейсную працу”.
Эла Булына: “На свята прыйшлі разам з дачкой-першакласніцай Юляй і пяцігадовай Насцяй. Масленіца ў школе – выдатная нагода весела правесці час разам з дзецьмі, парадаваць іх прысмакамі і пазнаёміць з традыцыямі продкаў”.
Ксенія Юркевіч, вучаніца 3 класа: “Больш за ўсе мне і малодшай сястрычцы Яраславе (2 гады) на свяце спадабалася частавацца гарачымі блінамі.”

Маргарыта Арлова,
намеснік дырэктара школы
па асноўнай дзейнасці.