Выпрабаванне двойняй

Главное

IMG_8753 (Small)Самае асноўнае прызванне жанчыны — быць маці. І нараджэнне дзіця — гэта вялікая радасць. У другі раз адчула яе Надзея Шпаковіч. На гэты раз яна аказалася двайной: у сям’і нарадзіліся двайняты.
Надзея родам з Карасіна, вырасла ў шматдзетнай сям’і. Пасля заканчэння Віцебскага каледжа вярнулася ў Браслаў. Але па сваёй спецыяльнасці працаваць давялося нядоўга, і дзяўчына ўладкавалася майстрам у ВТЦ «г. Браслаў». Тут Надзея спаткалася з прывабным хлопцам Сяргеем, які працаваў апрацоўшчыкам рыбы і морапрадуктаў. Паміж маладымі людзьмі ўспыхнула іскра сімпатыі, якая ў хуткім часе перарасла ў полымя кахання. Каб зберагчы вогнішча сваіх пачуццяў, Сяргей і Надзея стварылі сямейны ачаг.
Спачатку на свет з’явіўся першынец Дзмітрый. І другую цяжарнасць абодва бацькі ўспрынялі радасна, бо вельмі хацелася яшчэ і дачушку. А вось ад паведамлення, што народзіцца двойня маладая жанчына адчула шок. На класічнае пытанне, што рабіць, адказу не знаходзіла. Памалу-паціху прывучала сябе да думкі, што ў такую сітуацыю трапляла не адна яна, што гэта звычайныя жыццёвыя абставіны, да якіх трэба прызвычаіцца, што трэба берагчы сілы, каб з годнасцю вытрымаць выпрабаванне двойняй.
Адно толькі засмучала сям’ю Шпаковічаў — адсутнасць свайго прасторнага жылля. Са сваёй праблемай яны звярнуліся да дырэктара ПМК-42 Аляксандра Рубаніка, дзе на той час працаваў Сяргей. Кіраўнік прадпрыемства зрабіў усё магчымае, каб прадаставіць будучай шматдзетнай сям’і зручную двухпакаёвую кватэру з усімі зручнасцямі ў ведамасным інтэрнаце. За што Шпаковічы шчыра яму ўдзячны.
Цяжарнасць праходзіла спакойна, аднак браслаўскія ўрачы для бяспекі родаў накіравалі Надзею ў Віцебскі радзільны дом. Малышы вельмі спяшаліся ўбачыць свет, таму нарадзіліся раней прызначанага часу. Калі хлопчыкі дасягнулі патрэбнай вагі і акрэплі, іх разам з маці прывезлі дадому. Наконт выбару імён доўгіх спрэчак не было — аднагалосна вырашылі назваць Уладзіславам і Аляксеем.
Безумоўна, у першыя дні ахоплівалі страх і роспач. «Калі хто з іх закрэкча – я плакала, бо не ведала што рабіць. Плакала, адчуваючы сваю бездапаможнасць, нейкі час знаходзілася ў дэпрэсіі», — успамінае шматдзетная маці.
На дапамогу прыйшлі бацькі і родныя Надзеі, якія кожны дзень разам з ёй завіхаюцца каля хлопчыкаў, ахутваюць іх увагай і любоўю. І страх паволі адступіў.
Бацьку цяжкасці таксама не палохаюць. Каб падтрымліваць матэрыяльна сваю вялікую сям’ю, ён выправіўся ў заробкі. А сучасныя тэхналогіі дазваляюць Сяргею кожны вечар не толькі размаўляць з жонкай і сынам Дзмітрыем, а і бачыць сваіх двайнятак. Калі прыязджае дадому, ён з задавальненнем корміць малых з бутэлечак, купае, пераапранае іх, паспявае ўдзяліць увагу і старэйшаму.
«Што і казаць — не проста ставіць на ногі траіх малых дзяцей, — дзеліцца сваімі думкамі Надзея, — але галоўнае, каб у сям’і было разуменне і згода, каб дзеткі не хварэлі, а астатняе — справа нажыўная».
Зараз сям’я Шпаковічаў жыве, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, ў надзеі хуткага пераезду ў сваю ўласную кватэру.
На маё пытанне наконт дачушкі шчаслівая маці, якая з гонарам прайшла выпрабаванне двойняй, усміхнулася і адказала: «Пажывём — пабачым».

Алена Пятушка.
Фота аўтара.