Да пабачэння, зіма

Главное

_MG_0649 (Small)З года ў год на мяжы лютага і сакавіка адзначаецца масленіца. І вернікі, і простыя аматары народных звычаяў імкнуцца ў гэты час дакрануцца да традыцыі: паласавацца смачнымі блінамі, паўдзельнічаць у народных гуляннях ці проста праводзіць зіму і сустрэць вясенняе сонейка.
Браслаўчане мелі магчымасць павесяліцца з гэтай нагоды ў мінулую нядзелю. Святочныя мерапрыемствы праходзілі на гарадскім рынку. Яшчэ да пачатку масленічных гулянняў РФСК “Дрывяціч” правёў для дзяцей спартыўныя спаборніцтвы. Культурную частку ладзілі сумесна супрацоўнікі Браслаўскага РДК, аўтаклуба, Іказненскага, Плюскага, Быстамаўскага, Друйскага СДК і Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра.
Нягледзячы на спробу зімы нагадаць пра сябе – з раніцы ішоў мокры снег – жадаючых паглядзець на дзейства было нямала. Арганізатары ж у сваю чаргу стараліся апраўдаць іх чаканні і прапанавалі праграму, насычаную персанажамі, народнымі песнямі, забавамі і конкурсамі. Вядучыя нагадалі, што ў масленічны тыдзень кожны дзень меў сваю назву і патрабаваў адпаведных дзеянняў. Так, панядзелак прысвячаўся сустрэчам, калі родзічы разам абмяркоўвалі падрыхтоўку да свята. У гэты ж дзень пачыналі пячы бліны. Аўторак – заляцанне, калі хлопцы сваталіся да дзяўчат, каб пасля посту згуляць вяселле. Серада называлася лакамкі: цешча павінна была запрасіць у госці зяця і пачаставаць яго сваімі блінамі. Чацвер – разгул. З гэтага дня пачыналіся шырокія гулянні: народ катаўся на санях, ладзіў кулачныя баі і шматлікія іншыя забавы. У пятніцу (цешчыны вячоркі) цешча сама прыходзіла ў госці да зяця, а бліны ўжо пякла яе дачка. Субота была адзначана сустрэчамі нявесткі з роднымі мужа і называлася залоўкінымі пасядзелкамі. Кульмінацыяй жа масленічнага тыдня, безумоўна, была нядзеля. Яна называлася провады. Праводзілі, вядома, зіму, якая саступала месца вясне. Людзі прасілі адзін у аднаго прабачэння за дастаўленыя непрыемнасці і крыўды.
Усе гэтыя моманты былі адзначаны падчас святкавання. Кожны дзень арганізатары цікава і змястоўна абыгралі з гледачамі, запрашаючы іх паўдзельнічаць у адпаведных конкурсах. Браслаўчанам, якія адгукнуліся на запрашэнні вядучых, давялося і пагуляць, і патанцаваць, і ўвогуле няблага павесяліцца. За смеласць і актыўнасць усе яны атрымалі невялічкія прызы.
Завяршылася святочная праграма традыцыйным спальваннем чучала, якое сімвалізуе зыход зімы.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.