IMG_9734 (Medium)

Знайшоў сябе там, дзе не шукаў

Актуальное

IMG_9734 (Medium)За 2013 год механізатар ААТ “Новая Гвардыя” Андрэй Маісееў (на здымку) апрацаваў 7531 умоўны эталонны гектар глебы. Гэта ў два разы больш, чым яго калегі, якія ў раённым спаборніцтве сярод механізатараў занялі другое і трэцяе месцы. Праўда, варта зазначыць, што Андрэй кіруе МТЗ-3022, у той час, як яго сапернікі працуюць на менш магутных МТЗ-1221. І ўсё ж разрыў па нормах выпрацоўкі ўражвае. П. Вяльчынскі з ААТ “Слабодка-агра”, які заняў другое месца, выпрацаваў 4285 умоўных эталонных гектараў, а Ф. Радзевіч (3 месца) з КУСП “Відзаўскі” – 3532.
А між іншым, як расказваў Андрэй, механізатарам стаць ён ніколі не збіраўся.
— Пасля заканчэння школы зразумеў, — расказваў субяседнік, — трэба, перш чым ісці на ваенную службу, атрымаць як мінімум сярэднюю спецыяльную адукацыю, якая і службу зробіць больш лёгкай, і пасля дэмабілізацыі дыплом спецыяліста дапаможа ўладкавацца на годную і высокааплачваемую работу. Толькі жыццё ўнесла свае папраўкі.
Андрэй паступіў і паспяхова закончыў Лужаснянскі каледж, дзе набыў спецыяльнасць заатэхніка. Але ў “Новай Гвардыі” па спецыяльнасці адпрацаваў усяго 6 дзён, бо пайшоў выконваць абавязак мужчыны – служыць ва Узброеных Сілах нашай рэспублікі.
Там, у Слонімскім раёне, малады салдат пазнаёміўся з дзяўчынай, якая пасля дэмабілізацыі стала яго жонкай, нарадзіла яму сына.
— Пасля службы, — успамінае Андрэй Маісееў, — мяне зноў прынялі заатэхнікам у нашу “Гвардыю”. Толькі я не адчуваў, што гэта мая работа. Звольніўся, пайшоў працаваць лесасекам у нацпарк. А пазней жонка ўгаварыла пераехаць на яе малую радзіму ў Жыровічы. Там працаваў у манастыры рабочым будаўнічай брыгады. Паколькі маю добрыя рабочыя рукі, крыху дачынення да мастацтва, даводзілася нават рэстаўрыраваць старыя іконы.
І ўсё ж цягнула мужчыну да родных вытокаў. У 2011 годзе А. Маісееў адназначна сказаў жонцы: “Паедзем на Браслаўшчыну”.
Другая палавінка Андрэя не стала супраціўляцца. У гаспадарцы яны атрымалі новы дом. Сам гаспадар успомніў, што падчас вучобы ў каледжы атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста, і замест плануемай для яго пасады заатэхніка папрасіў даць трактар.
Тры гады эксплуатуе А. Маісееў свой МТЗ-3022 і пастаянна з’яўляецца лідарам унутрыгаспадарчага спаборніцтва. А на маё пытанне, як яму ўдаецца быць заўсёды першым, Андрэй адказаў дастаткова ёмка:
— Менш перакурваю з калегамі, не расцягваю на гадзіну абед. Гляджу ў паперку, якую выдае эканаміст, і імкнуся зрабіць больш, каб больш і зарабіць.

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.