За званне лепшага лідара

Власть и общество

IMG_8613Штогод у лютым па ўсёй краіне праходзяць раённыя этапы конкурсу “Лідар – новае пакаленне!”. Такія спаборніцтвы закліканы выявіць найбольш актыўных і ініцыятыўных прадстаўнікоў пярвічных арганізацый БРСМ.
На Браслаўшчыне лепшага актывіста маладзёжнага грамадскага аб’яднання выбіралі ў аўторак. Хоць конкурс і меў на ўвазе вызначэнне аднаго чалавека, але дазвалялася ўдзельнічаць у ім і групе падтрымкі. Таму можна смела казаць, што ў спаборнічалі каманды, хоць было іх у гэты раз няшмат – з першай і другой гарадскіх, а таксама з Відзаўская і Дрысвяцкая школ.
Яшчэ адзін адметны момант сёлетняга конкурсу заключаўся ў тым, што на за званне лепшага лідара змагаліся выключна дзяўчаты. Арганізатары прапанавалі ім прайсці шэраг іспытаў, падчас якіх найбольш поўна і ярка раскрываюцца лідарскія ўласцівасці. Акрамя ў прынцыпе традыцыйных конкурсаў візітак і сценгазет, актывістам прапаноўваліся і іншыя даволі цікавыя спаборніцтвы.
Падчас дэбатаў канкурсанты выказвалі ўласныя думкі наконт неадназначных аспектаў нашага жыцця на загадзя зададзеныя ім тэмы. Так, вучаніца другой школы Маргарыта Каладзінская меркавала пра неабходнасць шматдзетнасці, відзаўчанка Дзіяна Баган падкрэслівала плюсы вясковага жыцця, Ксенія Ракіцкая з Дрысвят упэўнівала прысутных, што грошы ў жыцці – не галоўнае, а Дар’я Еўдакімава з першай школы аргументавала забарону на кланіраванне чалавека.
У конкурсе “Маладзёжныя ініцыятывы” актывісты абаранялі праекты, якія рэалізаваны або яшчэ будуць увасоблены ў жыццё з удзелам пярвічкі БРСМ. У рамках сваіх магчымасцей школьная моладзь прапануе прыцягваць на Браслаўшчыну замежных турыстаў, добраўпарадкаванне сваіх населеных пунктаў, увекавечванне памяці ўдзельнікаў ВАВ на мясцовым узроўні, падтрымку беларускіх алімпійцаў.
Яшчэ адзін конкурс патрабаваў ад удзельнікаў стварыць кароткі відэаролік, які б адлюстроўваў адзін дзень з жыцця іх пярвічнай арганізацыі БРСМ. Таму журы яшчэ і паглядзела чатыры міні-фільмы, у якіх, акрамя іншага, ацэньвалася і гумарыстычнасць.
Трэба сказаць, што кожная з удзельніц прадэманстравала свае лепшыя здольнасці ў розных сітуацыях. Некаму ўдалося бліснуць інтэлектам, камусьці – творчымі здольнасцямі, іншым – дасягненнямі ў грамадскім жыцці. Увогуле ж праграма мерапрыемства, нягледзячы на невялікую колькасць яго ўдзельнікаў, аказалася даволі насычанай, а часам і нават захапляльнай. У выніку ўсе актывісты атрымалі граматы, салодкія і каштоўныя падарункі. Пераможцам жа конкурснай праграмы па суме балаў стала вучаніца сярэдняй школы №1 горада Браслава Дар’я Еўдакімава. Яна будзе абараняць гонар Браслаўшчыны на рэгіянальным этапе конкурсу “Лідар – новае пакаленне!”, які пройдзе ў сакавіку ў Глыбокім.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *