IMG_8377

З данінай павагі да людзей працы

Общество

IMG_8377Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў раённага спаборніцтва сярод прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў народна-гаспадарчага комплексу за 2013 год, прайшло ў раённым Доме культуры 19 лютага. На яго былі запрошаны, акрамя ўсіх намінантаў, ганаровыя грамадзяне Браслаўшчыны, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, грамадскасць.
Пад гукі песні “Беларусь – мой заранкавы край” у выкананні народнага ансамбля песні “На панадворку” на сцэну выходзілі дзяўчаты ў народных касцюмах з “эмблемамі” важных для Браслаўшчыны падзей 2013 года, такіх як завяршэнне рэканструкцыі філіяла малаказавода , 15 -годдзе еўрарэгіёну “Азёрны край”, пачатак будаўніцтва ЖБК-10, заключэнне дагавораў на рэканструкцыю помніка архітэктуры “Былая графская сядзіба” ў аграгарадку Опса і будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі “Муражы-Краснасельцы”, правядзенне свята “Віва-Браслаў”, рок- фестывалю “Жывое неба Браслава” і шмат іншых.
Затым браслаўчане ад усёй душы апладзіравалі лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” — старшыні райсавета Ніне Пучынскай і галоўнаму заатэхніку СВК “Маяк Браслаўскі” Леаніду Барткевічу.
Ніна Антонаўна ў дадатак да сваіх непасрэдных службовых абавязкаў узначальвае раённую арганізацыю “Беларускі савет жанчын”, з’яўляецца ганаровым членам еўрарэгіёну “Азёрны край” і старшынёй яго беларускага бюро. Пад яе кіраўніцтвам актыўна развіваюцца міжнародныя адносіны з суседнімі прыгранічнымі раёнамі. Н. Пучынская ўзнагароджана граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей РБ, медалём Беларускай праваслаўнай царквы Святой Прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Леанід Пятровіч лічыцца не толькі ў гаспадарцы, але і сярод сваіх калег спецыялістам высокага класа, у сваёй рабоце прымяняе сучасныя метады і тэхналогіі, што дазволіла “Маяку Браслаўскаму” ў 2013 годзе рэалізаваць 99,5% малака гатункам “экстра”, што на 11,5% вышэй за ўзровень 2012 года.
У розных сферах дзейнасці плённай працай і высокімі паказчыкамі вызначыліся і лаўрэаты звання “Чалавек года Браслаўшчыны”. Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў павіншаваў аператара машыннага даення Жанну Ахрамовіч, начальніка аддзела адукацыі Івана Абаровіча і прадпрымальніка Віталя Гаспаровіча, павязаў ім чырвоныя стужкі, уручыў кветкі і дыпломы.
Затым наступіў урачысты момант узнагароджання пераможцаў спаборніцтва. Сяргей Шматаў уручыў ганаровыя пераходныя сцягі, дыпломы і кветкі пераможцам у шматлікіх намінацыях.
Старшыня Мяжанскага сельсавета Жанна Акула атрымала пераходны сцяг з рук старшыні райсавета Ніны Пучынскай у намінацыі “Лепшы сельскі Савет дэпутатаў”. Н. Пучынская ўзнагародзілда і лепшых старэйшын.
Таксама павіншаваў браслаўчан з працоўнымі поспехамі, пажадаў працвітання краю і дабрабыту яго людзям дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Мечыслаў Морхат, які прысутнічаў на свяце.
Пасля ўзнагарод і шчырых слоў удзячнасці свае віншаванні пераможцам спаборніцтва і гледачам дарылі самадзейныя артысты з Браслава, Відзаў, Ахрэмаўцаў, Дрысвят, Слабодкі. Добрыя песні і іскрамётныя танцы падтрымалі прыўзняты настрой, які адпавядаў такому ўрачыстаму мерапрыемству.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.